Лекция: Фундаментальныя і вытворныя катэгорыі СЭГ
Размяшчэнне насельніцтва i гаспадаркi. У папярэднім параграфе названы пяць фундаментальных катэгорый СЭГ. Першая сярод іх – размяшчэнне насельніцтва i гаспадаркі. Менавiта дадзеная катэгорыя адлюстроўвае змест даследаванняў, сутнасць прадмета СЭГ. У большасці вызначэнняў прадмета СЭГ у якасці ключавога выкарыстоўваецца слова «размяшчэнне» ці «заканамернасці размяшчэння». Так, Э. Алаеў у кнізе «Социально-экономическая география: понятийно-терминологический словарь» дае наступную фармулёўку: «Сацыяльна-эканамічная геаграфія – комплекс навуковых дысцыплін, якія вывучаюць заканамернасці размяшчэння грамадскай вытворчасцi (яна разумеецца ў адзінстве вытворчых сiл i вытворчых адносін) i рассялення людзей, іншымі словамі – тэрытарыяльную арганізацыю грамадства, асаблівасці яе праяўлення ў розных краінах, раёнах, мясцовасцях». Санкт-Пецярбургскі географ А. Канстанцінаў на падставе аналізу шматлікіх дэфініцый СЭГ зрабіў вывад: «Вiдавочна, пры вызначэнні эканамiчнай і сацыяльнай геаграфіі без слова „размяшчэнне“ не абысцiся».
У катэгорыі «размяшчэнне насельнiцтва і гаспадаркі» заключана ўяўленне аб тэрытарыяльных адрозненнях у рассяленні і гаспадарчым жыцці краін і асобных раёнаў, аб тэрытарыяльных аспектах даследавання эканамічных і сацыяльных аб’ектаў і з’яў. Яна азначае працэс размеркавання на тэрыторыі аб’ектаў і вынікі гэтага працэсу, адносіны, узаемасувязі, узаемадачыненнi памiж аб’ектамі і працэсамі.
Для тэрмiна «размяшчэнне» блiзкія цi нават аднолькавыя па значэнні словы «тэрытарыяльная арганiзацыя». Катэгорыя «тэрытарыяльная арганізацыя гаспадаркі» ў эканомiка-геаграфічных работах стала ўжывацца з пачатку 1960-х гадоў. Яе можна лiчыць адной з вытворных катэгорый ад фундаментальнай катэгорыi «размяшчэнне насельнiцтва i гаспадаркi». Большасцю географаў у цяперашнi час паняцці-тэрмiны «размяшчэнне» i «тэрытарыяльная арганiзацыя» ўжываюцца як раўназначныя, ідэнтычныя.