Реферат: Беларуская літаратура перыяду барока
--PAGE_BREAK--Ой, крычала, верэшчала чайка на болоце,
Прэклінада і плакала, паўшы гдэесь пры плоце:
— Ты, чапліско, голота, шчо ты ўчыніла,
Зашто ж моіх Пузынов дзеці погубіла?
Чы ты птуха з того духа, сово нешчасная,
Полыкала, пожэрала в ночы прэклятая.
Ой, як віжу, быў тут госць, чарное кручышчэ,
Пабіў, паеў, палупіў простэ Мужычышчэ.
Аб'яднанае дробнае птаства рашыла ўтаймаваць злога разбойніка-крука, які паводзіць сябе, нібы жорсткі феадал, — «часто галасует», «фольгует» сваім прыдворным:
Прылецела там цецера куму поцешаці,
За нёю сойка, чайкі цётка, ела розважаці:
— Перестань жэ слёзы ліці, горэнько плакаці,
Тугу сэрцу жалоснэму вельмі задаваці.
I мы многа вельмі злога од лотра церпелі,
I покою, над водою жывучы, не мелі.
Ранной зоры прылецевшы, часто галасует,
А сороком і вароном усёгды фольгует.
Радзім тобі, яко собі, пойдзем наглядаці,
По шэрокіх і высокіх дубах шпеговаці.
А як знайдзем, будзем біці чолэм велікому
Цару орлу, над усімі птухамі старшому.
Больш вясёлая танальнасць у вершы «Птушыны збор», які потым стаў фальклорным па спосабе распаўсюджання. З народным гумарам расказваецца ў ім, як бедны верабейчык, наварыўшы пшанічнага піва, склікаў «высокіх» гасцей. Музыканты зайгралі вясёлыя танцы. На стале з'явіліся стравы, апісаныя ў гратэскным стылі («з камарэнька тры полці сланіны злупілі»). Птушыны баль нагадвае звычайнае шляхецкае застолле, у якім свавольныя госці крыўдзяць беднага гаспадара.
У многіх гумарыстычна-сатырычных вершах высмейваецца тагачаснае духавенства («Розмова пэвнэго метрополіты з… протопопом Слонімскім», «Гэй, на горы, на высокой цэрковця святая», «Попа ядонцэго і пса шчэкаёнцэго дэскрыпцыя»). Аб'ектам насмешкі рабіліся п'янства («О хмелю, што он у люде чыні»), характэрныя рысы некаторых сацыяльна-этнічных груп грамадства («Хадзіў чэрчык улечкою», «Лямант Мейлі па замкнутым Лейзары»). Крыніцай камізму ў беларускай гумарыстычна-сатырычнай паэзіі было тое, што свет паказваўся нібы «наадварот»: птушкі, насякомыя, расліны аказваліся ў чалавечай, тыповай для таго часу сітуацыі. Жыццёвыя з'явы гіпербалізаваліся; спалучаліся верагодныя і фантастычныя элементы. Побач з песенна-інтымнай лірыкай гэты пласт барочнага вершатворства аказаўся найбольш плённы і перспектыўны для далейшага развіцця новай беларускай паэзіі. Тут пачыналася ўзыходная лінія, якая ў эпоху Асветніцтва дала бурлескна-травесційныя творы, а ў XIX ст. — паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе».
1.3 Проза
Дайшоўшая да нас беларуская проза перыяду барока з’яўляецца амаль што ўся парадыйна-сатырычнай. У цэлым яна працягвала традыцыі «Прамовы Мялешкі» і «Ліста да Абуховіча».
Парадыйная проза — тыповая з'ява пераходнага перыяду. Па сваім змесце і мове яна належыць ужо да новай традыцыі. Гэта ўжо не «службовае», сінкрэтычнае пісьменства сярэдневякоўя, а прадукт свядомай мастацкай творчасці з ярка выражанымі рысамі новага барочнага стылю (гратэскнасць, парадаксальнасць, шматзначнасць).
Найбольш цікавымі творамі парадыйна-сатырычнай прозы з'яўляюцца «Казане руске» і «Грамата, пісаная да святога Пятра», якія ўзніклі ў праваслаўным асяроддзі.
У «Казані рускім», напісаным (або перапісаным) у ваколіцах Клецка каля 1697 г., дасціпна парадзіруецца біблейскі сюжэт аб стварэнні Богам свету, першых людзей, іх грэхападзенні і выгнанні з раю. Усявышні нагадвае простага селяніна, які заняты штодзённымі гаспадарчымі справамі: «Под небесы сотворыв птакі: вороны, сорокі, крукі, кавкі, вороб'і і цецеры. На землі сотворыв свіні, коровы, волы, медведі і вовчыска; такжэ сотворыв лісіцы, горностаі, коты, мышы і іншыя прэўцішные зверата; і побудовав ім господ рай, плотом моцным огороділ і полацю его подперл. Тамжэ насеяв дубіны, грабіны, лешчыны, олыпыны, в огородах насеяв своклы, рэпы, рэдкі, морхві, пастэрнаку і іншого хвасту і дерэва. I ходіт собе господ, глядіт, штоб якое порося не вылезло». Стваральнік першых людзей у многім прыпадабняецца прыгонніку. Ён забараняе Адаму і Еве есці плады з дрэва пазнання, а калі яны не паслухаліся, выганяе іх з раю дратаваным бічом: «Счобы жона послушна була, счобы ся мужыка бояла. Казав жэ ім господ у раю есці свеклу, рэпу, рэдку, морков, слівкі, грушкі, яблыка і помаранчы; оно ім одного дерева заказав есці. Што ж чыніт Эва, сука незбожная, не выцерпіла собі з ліхом і заказу не слухала, штоб ей тяжкое велікое ліхо порвало; урвала яблыко, з'ела і Адамові агры(за)к дала. А Адам, не хотевшы розгневіці жонкі, з'ев. Аж прыходіт господ, лічыт яблыка, не долічывся одного; домыслілся господ, што Адам урвав; розсердівшыся, узяв біча, як у нашога пастуха, або як у панского возніцы біч дратованый, і выгнав Адама з раю».
Прыёмы пародыі і гратэску выкарыстаны таксама ў «Грамаце, пісанай да святога Пятра». Адрасату, «одвернему царства небесного», выказваецца просьба прапусціць у рай Ярмолу Аханцевіча Цюхая, чалавека прымітыўнага і нават агіднага. Пры жыцці ён «у долгом кожуху баранём без поеса і без нагавіц ходзіл, бороды і головы нікок не часал, носа нікок не уцерал, тылько язокем лізал, нохці не обрэзывал, чоботы, чэрэвікі дзёгцем мазывал, чоснак, цыбулю, рыбу гнілую, плюсквы с подлеву, грох с недзведзем огонэм вельмі рад едал, горэлку квартою брагуковсцом духом піял, у соботу на злосць ляхом ворон, сорок і мяса пожывал...» Дээстэтызацыя героя даходзіць у «пасланні» да абсурду. Таму сцверджанне, што Ярмола Аханцевіч Цюхай мае права знаходзіцца ў раі, успрымалася тагачасным чытачом як «эстэтычная правакацыя», крытыка ўсяго «нябеснага царства».
Значнымі помнікамі парадыйна-сатырычнай прозы з'яўляюцца «Прамова русіна» і «Прамова русіна аб нараджэнні Хрыста», якія ўзніклі на ідэйна-стылявым паграніччы часоў барока і эпохі Асветніцтва (прыкладна ў другой чвэрці XVIII ст.). Па сваёй арнаментальнай квяцістасці, парадаксальнасці гэта яшчэ барочныя творы. Але адначасова ў іх адчуваюцца рэлігійнае вальнадумства і антыклерыкалізм, абумоўленыя ўжо, бясспрэчна, уплывам асветніцкіх ідэй. Невядомы нам аўтар абодвух апавяданняў даволі рэзка крытыкуе тагачасную рэчаіснасць, несправядлівы падзел матэрыяльных даброт. Выкарыстоўваючы барочную алегарычнасць, ён параўноўвае свет з велізарнымі жорнамі, куды Бог, нібы зерне, засыпае людзей. Неаднолькава даводзіцца ў гэтых жорнах багатым і бедным: аднаму прыходзіцца «з лускі адзерціся, другому на крупу здзерціся, трэцёму на муку сцерціся, чацвёртаму ў пул прэцерціся, а другому і цалкам выскочыці». Гэту агульную думку аўтар ілюструе канкрэтнымі прыкладамі: «От як цепер вясны голодной мой швагер Мікуліч гэтак сцёрся, змяўся, што аж за горою заванёў. А пан Станкевіч, сват под Радушкевічы з самою выскачыў, а не без таго, што б што лускі не поцерал». Вонкава «Прамова русіна аб нараджэнні Хрыста» напісана па ўсіх канонах царкоўнага казання — нават ёсць адпаведны «эпіграф» з Евангелля ад Лукі: «I вернутся пастыры». Але выбраўшы традыцыйны сюжэт, аўтар напаўняе яго актуальным зместам. Выходзіць, што пастве трэба баяцца не столькі ваўкоў, колькі салдат, якія рабуюць усё, што сустракаецца на іх шляху: «Одно чы не жолнеры напалі. Ой, тые гэто воўкі, гэтые і з хлева хапают. Верніцеся, небожата пастухі, бо хоця ж бы і так было, вы тым ваўкам нічога не порадзіце, сама сіла пекельная тыя воўчышча палоніт, которые парасята, ягнята, яловіцы з хлевов нашых ловят». Біблейскі сюжэт парадзіруецца, «зніжаецца» бытавымі параўнаннямі («Хрыстос маленечкі людзям на поцеху плачет, як ягнятачко малевькое блеет»).
Даволі вострая крытыка рэчаіснасці гучыць таксама ў «Казанні рускем схізматычным», якое, мяркуючы па рэаліях, узнікла, відаць, у Віцебску. Мясцовых феадалаў аўтар паказаў людзьмі грэшнымі, блудлівымі. Пад маскай прыстойнасці ў іх хаваецца амаральнасць. I ў прыродзе, і ў грамадстве вонкавае аблічча падманлівае: «Пойдём в сад, поднесём глазы, аш свет прэмудры побачыш: яблыка здрадные і глазом нілые. Нарвіш его, скушай, аш горкаё і чэрвяк в нім, аднак людзі главы подымают, как солецы солоные. Прысматрыцеся цяпер людзём, так здрадная дзевіца, чарнобрывая, краснаго ліца, на голове как звезды зяют, сарафан багатой, нагруднік золотом вышыт, шыя полна коралёв, рубашка шолковая, башмакі дарагіе, ей-ей здрадная дзевіца». Такой жа вонкава прыгожай і высакароднай, а ўнутрана спустошанай аказалася прыгонніца Агата Скарынкава, якая перад смерцю завяшчала Маркаву манастыру разам з галавой і іншыя часткі свайго грэшнага цела: «Прысматрыцеся пані нашой Агаце Скорынкавай жоны, какая спажа была, вот лі в нашой цэркві православной прэстол выставіла, давала довольно кушат гевядіны, блінов і віна. Аставіла дерэвянные дворы і клеці богатые… Сама как цвет цвітушчы всякім глазом людзкім на поглят была здрадная».
Творы сатырычнай прозы, парадзіруючы кананічную літаратуру, у першую чаргу Біблію, пазбаўлялі яе арэолу бездакорнасці. А тое, што станавілася смешным, пераставала быць непахісным і грозным. Такім чынам, парадыйная плынь у тагачаснай беларускай прозе, пераважна дэмакратычная і народная па сваім змесце і адрасе, была скіравана супраць пануючай тады ідэалогіі Контррэфармацыі, падрушала аўтарытэт царквы, феадальнага ладу ў цэлым.
1.4 Драматургія
Драматургія часоў барока прадстаўлена найперш творамі школьнага тэатра.
Школьны тэатр быў тыповым параджэннем позняга Рэнесансу і ранняга барока. Пашырэнне яго ў Беларусі звязана з экспансіянісцкай дзейнасцю ордэна езуітаў. Імкнучыся ўзмацніць свой уплыў, акаталічыць мясцовае насельніцтва, езуіты ўзялі на ўзбраенне і тэатральныя відовішчы, пашыраныя ў той час у Заходняй Еўропе. Гэтыя відовішчы мала што давалі розуму прысутных. Усе намаганні скіроўваліся на тое, каб уздзейнічаць на пачуцці гледачоў, уразіць іх уяўленне. У прадстаўленнях умела выкарыстоўваліся гук і колер, кантрастныя іх спалучэнні. Пастаноўкі драм суправаджаліся выступленнямі хору і балета, «жывымі» карцінамі-алегорыямі.
Сёння вядомы больш чым сто лацінскіх і польскіх павучальных драм, пастаўленых у езуіцкіх школьных тэатрах у Полацку, Гродна, Пінску, Навагрудку, Нясвіжы, Мінску, Оршы, Брэсце, Магілёве, Бабруйску, Слуцку і Жодзішках. Тэматычна ў тагачасным рэпертуары вылучаюцца велікодныя і масленічныя драмы, а таксама п'есы, напісаныя ў сувязі з заканчэннем навучальнага года. Сюжэты для іх браліся з Свяшчэннага Пісання, антычнай міфалогіі і гісторыі, а таксама гісторыі краін Усходу і Заходняй Еўропы. Зрэдку выкарыстоўвалася мясцовая тзматыка (так, падзеі пастаўленай у Полацку драмы «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» часткова адбываюцца на Дзвіне). Школьны рэпертуар ствараўся мясцовымі аўтарамі, выкладчыкамі калегій, з прэстыжнымі і утылітарна-дыдактычнымі мэтамі — каб садзейнічаць выпрацоўцы ў вучняў адпаведных эстэтычных густаў, выхаванню хрысціянскіх дабрачыннасцей. Барочныя драмы цалкам адпавядалі канонам, якія выкладаліся ў калегіях у курсах паэтыкі і рыторыкі, павінны былі служыць іх практычным увасабленнем.
Беларускую частку ў драматургіі школьнага тэатра прадстаўлялі інтэрмедыі — невялікія беларускамоўныя сцэнкі, якімі перамяжоўвалася дзеянне ў лацінскіх, польскіх, а пазней і «славянарускіх» школьных драмах.
У сваім развіцці беларуская інтэрмедыя прайшла некалькі стадый. Па-першае, яна паступова набывала жанравую адметнасць і завершанасць. Змест яе рабіўся ўсё больш незалежны ад зместу самой драмы. Ускладнялася кампазіцыя. Інтэрмедыя перарастала ў камедыю. Па-другое, змяніўся галоўны герой інтэрмедыі — беларускі селянін. З аб'екта насмешак і здзекаў ён рабіўся асобай станоўчай, увасабленнем народнага розуму і дасціпнасці. Герой паказваўся ў дзеянні, развіцці.
Пры разглядзе драматургіі канца ХVІ — першай паловы ХVІІ стст. ўпаміналіся інтэрмедыі «Цімон Гардзілюд» Каспара Пянткоўскага, інтэрмедыі да драмы «Камедыя пра Якуба і Іосіфа, патрыярхаў», «Дышкурс жыдовіна са скамарохам», «Чорт Асмалейка». У аналізуемы перыяд гэты жанр працягваў паспяхова развівацца.
Да канца XVII ст. адносяцца беларускія антыпралог, пралог і інтэрмедыйныя ўстаўкі да польскай драмы «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», якая захавалася ў рукапісным «Аршанскім кодэксе». Падзеі яе адбываюцца ў Старажытнай Русі, у часы, калі ішла барацьба за ўладу паміж асобнымі князямі. Драма пачынаецца антыпралогам, дзе полацкі рамеснік (гарбар) знаёміць са сцэнай селяніна, які прыйшоў у горад, тлумачыць яму, што тут будзе адбывацца. Камізм сітуацыі ствараецца тым, што селянін па-свойму разумее і каменціруе многія польскія словы, звязаныя з тэатральнай пастаноўкай (органы — гараны, аксаміты — сыты). Камічны эфект узмацняецца супастаўленнем высокага і нізкага: гарбар параўноўвае стралецкія спаборніцтвы з заколваннем свінні, а гарматныя стрэлы нагадваюць яму трэск дроў у печы. Абодва бацькі, рамеснік і селянін, ганарацца сваімі дзецьмі, але ганарацца зусім рознымі іх рысамі: першы — вучонасцю сына, які ходзіць у езуіцкую калегію і зараз будзе іграць на сцэне, другі — фізічнай сілай сваёй «дзеціны». Антыпралог і пралог мелі сваёй мэтай устанавіць сувязь паміж сцэнай і залай, супакоіць гледачоў, прыкаваць іх увагу да падзей. Кантакт з залай быў непасрэдны, фізічны: гарбар і селянін даюць распараджэнні гледачам, прыкмячаюць, што ў аднаго з мужчын перакручана на галаве шапка, а на тварах жанчын намаляваны «мухі». Апрача камічнай, антыпралог і пралог выконвалі таксама дыдактычную функцыю. Гарбар пагражае сялянам, якія не ходзяць ні ў касцёл, ні ў царкву, але захацелі паглядзець прадстаўленне, што ім прыдзецца пасядзець у «куніцы» — жалезным коле, якое надзявалася на шыю грэшніку і прыкоўвалася да касцельных дзвярэй. Селянін і гарбар высмейваюць модніц, што сядзяць у зале з нафарбаванымі вуснамі і абмахваюцца веерамі. Такім чынам, антыпралог і пралог не толькі арганізоўвалі і смяшылі публіку, але і павучалі яе.
Са зместам полацкай драмы цесна звязаны інтэрмедыйныя ўстаўкі пра казака, салдата і яўрэя, яўрэя і чорта, кухара і яго памочнікаў. Яны запавольваюць асноўнае дзеянне, але не перапыняюць яго. Апрача вонкавай сувязі з драматычным дзеяннем, існуе і ўнутраная, эстэтычная: інтэрмедыі ўстаўляліся пераважна там, дзе камічным трэба было адцяніць і падкрэсліць трагічнае, стварыць паміж імі кантраст. Таму ў «Духоўным прычасці святых Барыса і Глеба» камічныя сцэны ідуць або перад самымі напружанымі момантамі, або адразу ж пасля іх.
Найболып спелымі ў жанравых адносінах з'яўляюцца беларускія інтэрмедыі з так званага «Ковенскага зборніка» 1731 г. — «Селянін і вучань», «Селянін і вучань-уцякач», «Літаратар, селянін, Самахвальскі», "Ігра Фартуны". Асноўнай дзеючай асобай у іх з'яўляецца беларускі селянін, чалавек дасціпны і кемлівы. Мова яго больш каларытная і чыстая, чым у інтэрмедыях XVII ст.
Інтэрмедыя «Селянін і вучань», відаць, служыла антыпралогам або пралогам да прадстаўлення. Яна пачынаецца са звароту да залы селяніна, які тлумачыць, чаго ён сюды прыйшоў і што перад сабою бачыць. Пасля маналога на сцэне з'яўляецца вучань. Камічны эфект зноў ствараецца тым, што селянін не разумее (або прыкідваецца, што не разумее) некаторых польскіх слоў і вобразных выразаў шкаляра. Цвярозы сялянскі розум не ўспрымае адцягненых алегорый накшталт «кідаюць гарох на сценку»: навошта ж на сценку, калі лепш у гаршчок… Дыялог дае селяніну магчымасць выказаць сваю крыўду на нягоды жыцця, на тое, што вось дзяцей у яго «як бобу, а гароху і асмінкі нету». I ўвогуле селянін толькі прыкідваецца дурнаватым, а на самай справе здзекуецца з вучня. Прыгонніцкая рэчаіснасць прымусіла героя быць асцярожным, хітрыць: «Да такі ў мене барада, як лес, а розуму бы ніц не было, а гэто знаеш, мой лебедзю, што кажуць: калі б на панскую мудрасць не мужыцкая хітрасць, даўно бы мужыкі пагіблі...»
«Дурны» беларускі селянін аказваецца разумнейшы за паноў і ў інтэрмедыі «Літаратар, селянін, Самахвальскі». Сюжэт яе быў вельмі характэрны для часоў Контррэфармацыі, калі часта адбываліся дыспуты на рэлігійныя тэмы. Адзін з персанажаў, літаратар, якраз рыхтуецца да такога дыспуту на жэсты з філосафам Самахвальскім, які пасля вучобы вярнуўся з-за мяжы. На дапамогу літаратару прыходзіць селянін Гаўрыла. Ён надзелены пачуццём уласнай годнасці, можа пастаяць за сябе, усведамляе свае станоўчыя якасці. Сабе селянін дае такую характарыстыку: «Не знаеш, мосьпане, не ўмееш, хоць ты, вашэць, мудрэц, не Піліп я, да Гаўрыло… Не гутары да трэцяго: як што скажэць Гаўрыло, аж кішкі табе, моспане, ад смеху парвупса… на мігі — якабы то на хвігі, хоць і на дзесяць… Ей бог, моспане, будець тут смеху аж до умору, калі Гаўрыло зачнець гаркотаць на мігі». Падбадзёраны гэтымі словамі літаратар выдае на дыспуце селяніна за свайго вучня. Пачынаецца жэстыкуляцыя. Самахвальскі вытыркае ўперад адзін палец, селянін — два; Самахвальскі паказвае рукою на неба, селянін — на зямлю; Самахвальскі працягвае апаненту далонь, селянін — сціснуты кулак. Схаласт задаволены вынікамі дыспуту. Змест яго тлумачыцца так: Самахвальскі паказаў, што Бог стварыў селяніна, селянін жа — што ён стварыў таксама і «антаганіста»; Бог стварыў не толькі неба, але і зямлю, ён жа трымае свет на сваёй далоні — і прытым трымае цвёрда. Аднак селянін раскрывае сэнс жэстаў зусім іначай: «Шуплю, мосьпане, гэто ты, мудрэц, гэто ты, місьцюк, нічого, бачу, не знаеш: ось я цябе розуму научу гэтак: хацеў ты, вашэць, мне адным палцам адное око выкалаць, а я табе дво(м)а абадва; хацеў ты мене на высокую шубеніцу цягнуць, а я цябе ў зямлі закапаць. Хацеў ты мне ў шчоку ўдарыць, а я табе і зубы выбіць, а што, чы шупліш?»
Менш арыгінальнай з'яўляецца інтэрмедыя "Ігра Фартуны", у якой расказваецца, як панскія паслугачы, знайшоўшы на дарозе п'янага селяніна, апранаюць яго ў дарагое адзенне і здзекліва выдаюць за пана, а потым вяртаюць да суровай рэчаіснасці. Беларускі твор у многім паўтарае польскую камедыю П. Барыкі «Мужык каралём», выдадзеную ў Кракаве ў 1636 г. Аднак невядомы аўтар пераробкі больш спачувае свайму пакрыўджанаму герою. У "Ігры Фартуны" выразней гучыць напамін аб бяспраўным становішчы сялянства, прыгонным праве.
Той жа сюжэт пра п'яніцу, якога жартаўнікі на нейкі час пераконваюць, што ён з'яўляецца знатнай асобай, выкарыстаны ў польска-беларускай «Вакханаліі», датаванай 1725 г. Сярод персанажаў яе — «русін па імю Васіль», яго слуга, тыповы барочны «антыгерой» Селівон, паны Смаргонскі, Вітулінскі, Смярцінскі, Запрасінскі, урэшце, грэчаскі філосаф Дыяген, які жыве ў бочцы і днём ходзіць з запаленым ліхтаром. У адпаведнасці з тагачасным моўным раздваеннем сяляне ў «Вакханаліі» гавораць па-беларуску, паны ж — на польскай мове. У камедыі выразна прасочваюцца дзве сюжэтныя лініі, якія развіваюцца паралельна, часам перакрыжоўваючыся; дзеянне адбываецца нібы ў дзвюх плоскасцях, двух часавых вымярэннях. Антычнасць, старажытнагрэчаскі Дыяген смела ўводзяцца ў тагачасную феадальную рэчаіснасць, што па кантрасце стварала асаблівы камізм. У жанравых адносінах «Вакханаліі» належыць прамежкавае месца паміж інтэрмедыяй і камедыяй.
Беларуская інтэрмедыя часоў барока развівалася пад яўным уздзеяннем польскай, украінскай, а часткова і заходнееўрапейскай драматургіі. Аднак паступова ўзмацняліся яе сувязі з рэальным жыццём, з народнай творчасцю. Герой набываў уласнае імя, індывідуальную характарыстыку, станавіўся носьбітам народных дабрачыннасцей. Удасканальвалася структура, сцэнічная форма інтэрмедыі (у прыватнасці, дыялог саступаў месца ажыўленаму сцэнічнаму дзеянню). Калі школьныя драмы, у якіх за герояў пераважна гаворыць сам аўтар, яшчэ адносяцца да старой традыцыі, то інтэрмедыі з іх жывой беларускай мовай, спробай стварыць індывідуалізаваныя вобразы ўжо можна лічыць з'явамі новага часу. У камічных устаўных сцэн была большая будучыня, чым у самой драмы. У другой палове XVIII ст. на інтэрмедыйнай аснове ўзнікне першая беларуская «Камедыя» К. Марашэўскага.
1.5 Сімяон Полацкі
Звесткі аб жыцці Сімяона Полацкага даволі скупыя. Ва ўмовах панавання хрысціянска-рэлігійнай ідэалогіі індывідуальны лёс чалавека заставаўся ў цяні, ён адносіўся да чыста прыватнай, вузкаасабістай сферы. Менавіта пагэтаму да нас дайшлі толькі асобныя, даволі ізаляваныя факты, па якіх меркаваць аб жыццёвым і творчым шляху выдатнага паэта і асветніка можна вельмі прыблізна.
Да апошняга часу дакладна не вызначана, дзе нарадзіўся Полацкі, невядома яго сацыяльнае паходжанне, умовы выхавання, месца пачатковага навучання і г. д. Зыходзячы з літаратурнага псеўданіма (сапраўднае імя — Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Сітняновіч), даследчыкі лічаць, што нарадзіўся паэт у Полацку. Бацька быў чалавекам заможным і змог даць сыну даволі салідную на той час адукацыю ў Кіева-Магілянскай калегіі (1646—1650). Наступнае пяцігоддзе ў жыцці Полацкага зноў пакрыта імглой няяснасці. Ёсць меркаванні (праўда, даволі няпэўныя), што ў гэтыя гады ён працягваў вучобу ў Віленскай езуіцкай калегіі (1650—1655). Аднак гэта версія малаверагодная: чалавеку выразнай усходне-«схізматычнай» арыентацыі не было асаблівай патрэбы паўторна слухаць курс у Віленскай езуіцкай калегіі, якая па сваім узроўні і праграме мала чым адрознівалася ад Кіева-Магілянскай. Іншая справа, што схільны да літаратурнай дзейнасці Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч мог у гэты час наведваць асобныя лекцыі ці семінары па паэтыцы, рыторыцы ці юрыспрудэнцыі.
Першыя літаратурныя вопыты Полацкага супадаюць з гадамі яго навучання ў Кіева-Магілянскай калегіі («Акафіст», «Канон», 1648 г.). Яны яшчэ прасякнуты чыста рэлігійным зместам, а па форме нагадваюць аналагічныя ўзоры літургічнай творчасці. Аднак ужо на раннім этапе ў некаторых вершах элегічна-філасофскай накіраванасці («Смерць», «Менка» і інш.) даволі выразна выступаюць агульнагуманістычныя матывы спачування людскому гору, асуджэнне жорсткасці чалавечых адносін, услаўленне самаахвярнасці і пакутніцтва ў імя духоўнага вызвалення і інш. Матывы гэтыя разгорнуты пераважна на аснове вядомых евангельскіх сюжэтаў, аднак іх маральна-этычнае гучанне набывала больш шырокі філасофскі рэзананс.
Важным этапам у творчым фарміраванні Сімяона Полацкага было знаходжанне яго ў Богаяўленскім манастыры (першая палова 50-х гг. XVII ст.) і асабістыя кантакты з прадстаўнікамі мясцовай школы паэтаў — Філафеем Утчыцкім і Ігнатам Іяўлевічам. Менавіта ў іх творчасці намячаецца паступовы пераход ад літургічных вершаў да больш універсальнага і дзейснага публіцыстычнага жанру дэкламацыі. Менавіта ў асяроддзі «полацкай школы» зараджаюцца пачатковыя формы ўсходнеславянскага барока, «якое ў адрозненне ад заходнееўрапейскага характарызуецца не паваротам да сярэдневяковай мінуўшчыны, а далейшай секулярызацыяй літаратуры, пашырэннем ідэй асветніцтва, паглыбленнем свецкіх тэм і матываў» (Лихачев Д.С. Человек в литературе древней Руси. М., 1970. С. 152.). Так, па сваёй знешняй форме «Стихи краесогласнии, сложенные во сретение иконы пресвятой Богородицы из града царствующего Москвы в Полоцк возвращенная по первом взятию» (1659), «Прилог преподобной матери Ефросинни» прымыкаюць да традыцыйнай царкоўнай гімналогіі. Аднак паралельна з услаўленнем асабістых заслуг Ефрасінні Полацкай тут даволі выразна гучаць патрыятычныя матывы — ідэя любві да роднай зямлі, глыбокі роздум аб яе гістарычным лёсе, трывога за будучыню. Таму не без падстаў можна гаварыць аб зараджэнні новых жанравых тэндэнцый унутры самога акафіста, канона, песнапення, у прыватнасці, аб наяўнасці такіх элегічных адзнак, як зменлівасць настраёвасці, філасофская разважлівасць, чаргаванне адпаведных метрычных форм і інш. продолжение
--PAGE_BREAK--
еще рефераты
Еще работы по литературе, литературным произведениям
Реферат по литературе, литературным произведениям
Син приїхав
2 Сентября 2013
Реферат по литературе, литературным произведениям
Суд 2
2 Сентября 2013
Реферат по литературе, литературным произведениям
Хвильовий Микола
2 Сентября 2013
Реферат по литературе, литературным произведениям
Нравственные проблемы в романе Лермонтова Герой нашего времени
2 Сентября 2013