Реферат: Уздым грамадскага руху. Тайныя таварыствы


Уздым грамадскага руху. Тайныя таварыствы

З канца першага дзесяцiгоддзя ў Беларусi прыкметна ўзмацняецца грамадска-палiтычны рух. Паводле часу, харатару i зместу ен з’яўляўся часткай таго грамадска палiтычнага руху, якi ахапіў Расію ў першай чвэрці XIX ст. Разам з тым ён жывіўся і ідэямі польскага нацыянальна-вызваленчага руху, найбольш прагрэсіўныя прадстаўнікі якога барацьбу за незалежнасць Польшчы цесна звязвалі з ажыццяўленнем сацыяльных рэформаў.

Увасабленне ідэй дзекабрыстаў і ідэй польскага нацыянальна-вызваленчага руху ў праграме рэвалюцыйных арганізацый, якія дзейнічалі ў Беларусі, з'явілася яскравым сведчаннем руска-польскай рэвалюцыйнай садружнасці. Гэтая садружнасць — характэрная асаблівасць грамадска-палітычнага руху тых гадоў.

Формай арганізацыйнага згуртавання рэвалюцыйных сіл у Расіі ў тыя гады былі розныя тайныя таварыствы. Значнае пашырэнне яны атрымалі галоўным чынам сярод моладзі навучальных устаноў і ў Беларусі. Адным з такіх таварыстваў, што мелі важнае значэнне ў развіцці рэвалюцыйнага руху ў навучальных установах Віленскай акругі, было «Таварыства філаматаў». Створаны ў 1817 г. па ініцыятыве групы студэнтаў Віленскага універсітэта (Адама Міцкевіча, Томаша Зана, Яна Чачота, Юзэфа Яжоўскага і інш.) гурток філаматаў ператварыўся ў даволі буйную аргаінізацыю са шматлікімі філіяламі ў розных раёнах Беларусі.

Погляды філаматаў фарміраваліся пад уплывам ідэй перадавога польскага мысліцеля прафесара Віленскага універсітэта Іахіма Лелявеля. Некаторыя з іх, выступаючы за аднаўленне польскай дзяржавы, адстойвалі таксама ідэю барацьбы супраць феадальнага прыгнёту. Аднак змены ў грамадскім жыцці, на іх думку, былі магчымы толькі ў выніку дзеннасці перадавых людзей.

У Віленскім універсітэце, акрамя «Таварыства філаматаў», дзейнічалі «Таварыства прамяністых», «Саюз літаратараў», «Саюз філарэтаў» і інш., што з'яўляліся своеасаблівымі філіяламі «Таварыства філаматаў», амаль не адрозніваючыся ад яго поглядамі.

Раней за іншыя ўзнікла тайнае «Таварыства аматараў навук», створанае ў 1819 г. у Свіслацкай гімназіі (Гродзенская губерня). У яго стварэнні вялікую арганізацыйную і ідэйную ролю адыграў Віктар Гельтман, які пазней стаў актыўным дзеячом польскага паўстання 1830— 1831 гг. Ен распрацаваў праект статута. Першым старшынёй таварыства быў Дыянісій Шлаеўскі. Паводле сацыяльнага паходжання члены таварыства былі прадстаўнікамі небагатага духавенства, збяднелай польскай і беларускай шляхты, дробных чыноўнікаў.

Характарам дзейнасці «Таварыства аматараў навук» не адрознівалася ад такіх жа арганізацый у Польшчы і Літве. Навучэнцы гімназіі наладжвалі тайныя сходы, на якіх абмяркоўвалі свае літаратурныя творы. У іх творах, вершаваных і празаічных, у прамовах выяўляліся, як засведчана ў матэрыялах следства, «патрыятычныя думкі ў польскім духу, успаміны пра славутых дзеячоў былой Польшчы, заклік наследаваць іх дзеля славы айчыны і ўгаворы, каб у таварыстве захаваць адзінства, роўнасць і (дзеля канспірацыі) паслухмянасць начальству вучылішча».

Пасля заканчэння гімназіі амаль усе члены «Таварыства аматараў навук» сталі членамі так званага «Маральнага таварыства». У ім ужо шырэй і смялей прапагандаваліся свабодалюбівыя ідэі, рэзка крытыкавалася царскае самадзяржаўе. У творах, як адзначана ў матэрыялах следства, «ёсць шмат вальнадумства... абразлівыя для нашага ўрада выразы... іх прамовы дзёрзкія і непрыстойныя».

Па даручэнні «Таварыства філаматаў» М. Рукевіч, які пазней стварыў «Таварыства ваенных сяброў», накіраваў у 1823 г. члена беластоцкай вучнёўскай тайнай арганізацыі «Згодных братоў» Ф. Ляховіча  ў Свіслацкую гімназію для стварэння там такога ж таварыства. Выкананню задачы Ляховічам спрыялі ўмовы, якія складаліся ў гімназіі. У 1824 г. у створаным пры гімназіі тайным таварыстве было больш як 20 чалавек. Таварыства атрымала назву «Заране». Яно адыграла даволі прыкметную ролю ў развіцці грамадска-палітычнага руху ў Беларусі. Яго членамі былі вучні і гувернеры, прадстаўнікі мясцовай разначыннай інтэлігенцыі.

На пачатку 20-х гадоў утварылася тайная група ў Вышэйшым піярскім вучылішчы ў Полацку, якая атрымала назву «Таварыства філарэтаў». Яго заснавальнікі—выкладчыкі вучылішча, былыя студэнты Віленскага універсітэта Брадовіч і Львовіч.

Члены тайных арганізацый Віленскага універсітэта, Свіслацкай і Беластоцкай гімназій, Вышэйшага піярскага вучылішча займаліся прапагандысцкай дзейнасцю не толькі ў навучальных установах. Яе формы і метады больш шырокія і разнастайныя. Напрыклад, філаматы выкарыстоўвалі для прапаганды свабодалюбных ідэй сярод насельніцтва ланкастэрскія школы, якія ствараліся ў беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх губернях, што ўваходзілі ў склад Віленскай вучэбнай акругі. Шмат якія філаматы ўдзельнічалі ў заснаванні школ і арганізацыі ў іх навучання па ланкастэрскай сістэме.

Члены тайных таварыстваў Віленскага універсітэта як самі, так і праз сяброў, што працавалі ў навучальных установах Беларусі і Літвы, збіралі ў вёсках узоры хлеба-сурагата, якім харчаваліся ў галодныя гады прыгонныя сяляне. Гэтыя ўзоры «лебяды з мякінай» студэнты захоўвалі ў бібліятэцы універсітэта. Кожны кавалак «хлеба» меў пашпарт. У ім адзначалася, з якой вёскі ўзяты ўзор, прозвішча селяніна і яго ўладальніка — памешчыка. Члены следчай камісіі Навасільцава былі страшэнна абураны, калі знайшлі гэтую калекцыю. Іх палохала, што ўзоры хлеба з'явяцца доказам супраць царскага ўрада.

Шырокі ўдзел перадавой моладзі ў падпольных гуртках спрыяў узнікненню дзекабрысцкіх арганізацый у Беларусі. Ідэі дзекабрыстаў, якія адпавядалі поглядам перадавой рэвалюцыйнай моладзі, сустрэлі тут водгук і падтрымку.

Асноўным у праграме дзекабрыстаў было патрабаванне ліквідацыі самадзяржаўя і прыгоннага права. Ажыццяўленне на практыцы гэтых ідэй азначала б перамогу буржуазнай рэвалюцыі, якая адкрыла б шырокі шлях для развіцця капіталізму. Аднак яны не разумелі рашаючай ролі народа ў барацьбе за рэвалюцыйнае пераўтварэнне краіны.

^ Дзекабрызм на Беларусi

Беларусь у розны час наведвалі выдатныя прадстаўнікі дзекабрысцкага руху, якія мелі тут сувязь з перадавымі людзьмі. Пасля паўстання Сямёнаўскага палка ў 1820 г. у Беларусь з Пецярбурга быў пераведзены гвардзейскі корпус, сярод афіцэраў якога былі члены тайных арганізацый. Разам з вайсковай часцю тут знаходзіўся М. Мураўёў, кіраўнік «Паўночнага таварыства». У час знаходжання ў Мінску ў 1821 г. ён напісаў першы варыянт капстытуцыі, які вядомы ў гісторыі як «мінскі варыянт». Працяглы час (1820—1821 гг.) у Полацку, Бешанковічах і Мінску жыў А. Бястужаў. Дзекабрыст I. Гарбачэўскі, член таварыства «Злучаных славян», юнаком жыў у Вііцебску. Зразумела, што сярод рэвалюцыйна настроенага дваранства і інтэлігенцыі Беларусі гэтыя людзі мелі аднадумцаў.

Дзекабрысты ўважліва сачылі за развіццём польскага нацыянальна-вызваленчага руху і спрабавалі наладзіць сувязь з яго кіраўнікамі, імкнучыся злучыць рускі і польскі вызваленчы рух для агульнага ўдару па царызму.

Летам 1821 г. у Польшчы аформілася тайнае «Патрыятычнае таварыства», якое ўзначаліў вядомы рэвалюцыйны дзеяч Валяр'ян Лукасінскі. Левае крыло таварыства імкнулася не толькі да барацьбы за нацыянальную незалежнасць Польшчы, але і да ажыццяўлення некаторых сацыяльных рэформаў, канстытуцыйнага кіравання, ліквідацыі феадальна-прыгонніцкага ладу. Аднак у правінцыяльных саветах таварыства, у прыватнасці ў Літоўскім, куды ўваходзілі беларускія і літоўскія губерні, кіравалі прадстаўнікі багатага дваранства —Міхаіл Ромер, Канстанцін Радзівіл, Карл Прозар і інш.

Буйныя памешчыкі, якіх была большасць у правінцыяльных саветах, згаджаліся на саюз з дзекабрыстамі толькі пры ўмове, калі Польшчы будуць вернуты беларускія і польскія землі, што ўваходзілі раней у склад Рэчы Паспалітай. Гэта вымусіла П. Пестэля пайсці на некаторыя ўступкі ў пытанні адносна граніц Расіі і Польшчы, у прыватнасці згадзіцца на перадачу Польшчы часткі беларускіх, украінскіх і літоўскіх зямель. Супраць гэтага рашуча пярэчылі К. Рылееў і М. Мураўёў, лічачы такое вырашэнне пытання непрымальным.

В. Лукасінскі імкнуўся да аб'яднання сіл з рускімі рэвалюцыянерамі для сумесных дзеянняў. Дзеля наладжвання сувязі з дзекабрыстамі ён паслаў у Расію члена «Патрыятычнага таварыства» Крыжаноўскага. Аднак арышт кіраўнікоў «Патрыятычнага таварыства» летам 1822 г. перашкодзіў наладжванню сувязей з дзекабрыстамі. Пасля арышту на чале “Патрыятычнага таварыства” сталі буйныя польскія землеўладальнікі. Новыя кіраўнікі, з'яўляючыся прыхільнікамі саюзу з дзекабрыстамі, адстойвалі свае тэрытарыяльныя патрабаванні і не мелі намеру ажыццяўляць сацыяльныя рэформы.

Члены «Паўднёвага таварыства» паспрабавалі наладзіць сувязь з польскім таварыствам, у прыватнасці з тымі яго аддзяленнямі, якія дзейнічалі ў Літве і Беларусі. Дзеля гэтага ў канцы лета 1823 г. М. Бястужаў ездзіў у Вільню, дзе сустрэўся з адным з кіраўнікоў Літоўскага савета К. Радзівілам.

Летам 1823 г. 9-я пяхотная дывізія, у склад якой уваходзілі Палтаўскі і Чарнігаўскі палкі, дзе служылі М. Бястужаў і С. Мураўёў, знаходзілася ў лагерах ля Бабруйска. У Бабруйск для агляду войск меў намер прыехаць Аляксандр I. Кіраўнікі «Паўднёвага таварыства» хацелі выкарыстаць прыезд цара, каб ажыццявіць дзяржаўны пераварот. Яны мелі намер арыштаваць цара і яго світу, абвясціць рэспубліку, затым накіравацца з войскам з Бабруйска на Маскву, адначасова пачаўшы паўстанне ў Пецярбурзе. Гэты план не падтрымалі Пестэль і іншыя члены «Паўночнага таварыства», лічачы, што для гэтага яшчэ не было спрыяльных умоў. Пры ажыццяўленні «бабруйскага» плана дзекабрысты спадзяваліся на дапамогу польскага тайнага таварыства.

Афіцыйныя перагаворы паміж прадстаўнікамі «Патрыятычнага таварыства» С. Крыжаноўскім і А. Ябланоўскім і кіраўніком «Паўднёвага таварыства» П. Пестэлем адбываліся на пачатку 1824 г. у Кіеве.

Шмат увагі надавалі дзекабрысты і польскія рэвалюцыянеры палітычным настроям афіцэраў і салдат Асобнага літоўскага корпуса, часці якога былі размешчаны ў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Падольскай губернях і Беластоцкай акрузе. Тут вялі прапаганду іх прадстаўнікі. Калі б войскі гэтага корпуса перайшлі на бок паўстаўшых, гэта мела б вялікае значэнне для перамогі паўстання.

У 1825 г. па ініцыятыве былога члена «Таварыства філаматаў» М. Рукевіча ў Асобным літоўскім корпусе, раскватараваным у Гродзенскай губерні, было створана «Таварыства ваенных сяброў». Адну з галоўных роляў у ім адыгрываў К. Ігельстром. Членамі таварыства з'яўляліся былы філамат З. Навіцкі, паручнікі Вягелін і Вільканец, падпаручнікі Пятроўскі, Гофман і інш. «Таварыства ваенных сяброў» было строга цэнтралізаванай канспіратыўнай арганізацыяй. З-за меркаванняў канспірацыі сапраўдныя мэты і задачы таварыства не былі вядомы яго членам. Кіраўнікі завуалявалі гэтую мэту, карыстаючыся выразам «усеагульнае дабро». Пад гэтым падразумявалася, відаць, знішчэнне самадзяржаўя, ліквідацыя феадальна-прыгонніцкага ладу, дэмакратычныя пераўтварэнні.

Кіраўнікі таварыства разгарнулі работу сярод перадавой моладзі навучальных устаноў і прагрэсіўнай інтэлігенцыі Беларусі і Літвы. У прыватнасці, яны наладзілі кантакты з тайнымі таварыствамі моладзі ў Вільні, Свіслачы і іншых месцах.

14 снежня 1825 г. дваранскія рэвалюцыянеры ўзнялі паўстанне. Яны вывелі на Сенацкую плошчу частку войскаў, маючы намер з іх дапамогай скінуць самадзяржаўе. Але паўстанне, не падтрыманае  народнымі масамі, было разгромлена ў той жа дзень.

Праз дзесяць дзён пасля паўстання на Сенацкай плошчы члены «Таварыства ваенных сяброў» у час прывядзедня да прысягі піянерскага батальёна ў Бабруйску адмовіліся прысягаць. Іх падтрымалі папярэдне распрапагандаваныя салдаты. Капітан Ігельстром, адмовіўшыся ад прысягі, з крыкам «ура!» павёў першую роту. За ёю накіраваліся іншыя роты. Прысяга ў той дзень была сарвана. Члены «Таварыства ваенных сяброў» спрабавалі далучыць да сябе суседнія вансковыя часці, але неўзабаве былі арыштаваны.

Па справе «Таварыства ваенных сяброў» засудзілі 13 чалавек, чацвёра з іх былі прыгавораны да пакарання смерцю, але пасля канфірмацыі Мікалая I смяротны прыгавор быў заменены катаржнымі работамі.

29 снежня 1825 г. члены «Паўднёвага таварыства» ўзнялі паўстанне Чарнігаўскага палка. Праз шэсць дзён, не падтрыманае народнымі масамі, яно было падаўлена.

Апошняя спроба ажыццявіць рэвалюцыйныя ідэі дзекабрыстаў была зроблена Палтаўскім палком у Бабруйску. У лютым 1826 г, у час агляду палка прапаршчык С. Трусаў, прыняты ў «Таварыства злучаных славян», выбег уперад з шабляй у руцэ і крыкнуў салдатам: «Рабяты! Рушым са штыкамі, знойдзем волю і незалежнасць ні адкога, у нас гасудар не ёсць гасудар Мікалай Паўлавіч, а тыран». Аднак узняць паўстанне не ўдалося з-за непадрыхтаванасці выступлення.

^ Значэнне i паследствы дзекабрысцкага руху

Хоць паўстанне дзекабрыстаў пацярпела паражэнне, яно мела вялікае значэнне для далейшага развіцця рэвалюцыйнага руху ў Расіі i на Беларусi.

У сярэдзіне 20-х гадоў былі разгромлены і таііныя таварыствы ў Беларусі. У 1823 г. царскі ўрад выкрыў «Свіслацкае таварыства». У мястэчку Свіслач была раскватаравана рота салдат. Намеснік Польшчы цэсарэвіч Канстанцін загадаў камандзіру роты сачыць, як паводзяць сябе навучэнцы ў Свіслачы, як выконваюцца імі спецыяльна распрацаваныя правілы паводзін.

У 1823 г. было выкрыта тайнае «Таварыства філаматаў» у Полацку. Полацкае піярскае вучылішча было ўзята пад строгі нагляд.

Акрамя адміністрацыйна-паліцэйскіх рэпрэсій, царскі ўрад ажыццявіў шырокія заканадаўчыя мерапрыемствы. Рэктару Віленскага універсітэта было строга загадана «iметь за ученiкамн скорейшiй i тщательный надзор». Літоўскі ваенны губернатар звярнуўся да падначаленых яму губернатараў з патрабаваннем узмацніць цэнзуру замежнага і мясцовага перыядычнага друку. Указам Аляксандра I жыхарам Беларусі і Літвы забаранялася пасылаць юнакоў для навучання ў замежных універсітэтах. Дырэктарам вучылішчаў Віленскай вучэбнай акругі належала строга сачыць, як паводзяць сябе навучэнцы. Ва ўсіх падазроных выпадках дырэктарам было загадана дзейнічаць у цесным кантакце з мясцовай паліцыяй. Быў узмоцнены агульны нагляд за парадкам у вучылішчах, за кожным крокам навучэнцаў; была наладжана перлюстрацыя іх лістоў. Міністр асветы Галіцын загадаў сабраць падпіску з чыноўнікаў вучэбнай акругі «о непрiнадлежностi iх к тайным обществам» і пераслаць іх у міністэрства ўнутраных спраў.

Урад зацвердзіў новыя, рэакцыйныя правілы для навучэнцаў: у пра-грамы не былі ўключаны прыродазнаўчыя і грамадскія дысцыпліны. Дзеля паслаблення палітычнага ўплыву Вiленскага універсітэта на навучальныя ўстановы Беларусі цярскі ўрад у кастрычніку 1824 г. падначаліў вучылішчы Магілёўскай і Віцебсксай губерняў Пецярбургскай вучэбнай акрузе.

У 1825 г. былі зроблены захады, каб абмежаваць магчымасці юнацтва Беларусі атрымліваць вышэйшую адукацыю; цэсарэвіч Канстанцін загадаў губернатарам забараніць жыхарам Беларусі пасылаць дзяцей у вышэйшыя навучальныя ўстановы Царства Польскага.

Аднак рэпрэсіі царызму не змаглі затрымаць развіццё рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху.

Пасля падаўлення паўстання дзекабрыстаў і выкрыцця некаторых тайных таварыстваў моладзі ў Беларусі і Літве царскі ўрад звярнуў увагу галоўным чынам на тое, каб папярэдзіць утварэнне якіх-небудзь апазіцыйных арганізацый. Аднак поўнасцю спыніць грамадска-палітычны рух царскі ўрад не мог.

У лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося шляхецкае паўстанне, кіраўнікі якога ставілі галоўнай мэтай аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Вясной 1831 г. у руках паўстаўшых аказалася Літва і шэраг паветаў Заходняй Беларусі.

Паўстанне развівалася тут у многім стыхійна, хоць і існаваў Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Сяляне і мяшчане мабілізоўваліся ў атрады пера-важна пад прымусам і не былі зацікаўлены ваяваць без вырашэння сваіх сацыяльных праблем. У той жа час царскія ўлады абяцалі ім вызваленне ад паноў-паўстанцаў. Кульмінацыяй падзей стала бітва за Вільню 19 чэрвеня 1831 г., у якой аб'яднаныя паўстанцкія сілы краю разам з прысланым у дапамогу польскім корпусам не змаглі дасягнуць перамогі над царскімі войскамі. Летам 1831 г. асобныя выступленні адзначаліся ў паўднёвых паветах Беларусі, але ў цэлым паўстанне на беларускіх землях пайшло на спад і ў жніўні было задушана.

Спiс выкарыстанай лiтаратуры:

1.    Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. Мн., 1994.

2.    Гiсторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972.

3.    Декабристы. Биографический справочник. М., 1988.

4.    Нарысы па гiсторыi Беларусi. Т. 1. – Мн., 1994.

Антыбальшавiцкi рух y Беларусi
(1919—1921)

Кірыл Маль

Палiтычная сiтуацыя, у якой апынулася Беларусь пасля 1917 г., была даволi складанай. З аднаго боку канец iснавання Расiйскай iмперыi даваў беларускаму народу шанс утварыць самастойную нацыянальную дзяржаву, але з другога боку шанс гэты быў чыста тэарэтычным. На панаванне над Беларуссю прэтэндавалi дзве дастаткова магутныя сiлы, якiя лiчылi яе натуральнай сферай сваiх iнтарэсаў — Савецкая Расiя i Польшча. Як першая, так i другая, хоць i абвясцiлi сябе вызваляльнiкамi беларускiх земляў, на самай справе iмкнулiся акупаваць iх i ўсталяваць тут адпаведныя палiтычныя рэжымы.

Дзякуючы савецкай гiстарыяграфii добра вядома, як жыхары Беларусi сустрэлi польскiх акупантаў. Шматлiкiя працы былi прысвечаны партызанскаму i падпольнаму руху на занятых палякамi тэрыторыях. Аднак амаль нiчога невядома пра супрацiўленне бальшавiцкаму акупацыйнаму рэжыму, якi быў не менш, калi не больш жоpcткi, чым польскi. Калi савецкiя гiсторыкi i звярталi ўвагу на гэты антыбальшавiцкi рух, то заўсёды малявалi яго ў чорных фарбах, а прычыны бачылi ў «происках польской шляхты и мирового империализма» цi ў «влиянии эсеров и кулаков на несознательную часть крестьянства».

На самай справе далёка не ўсiх прадстаўнiкоў «сялянскай масы» можна было абвiнавацiць у несвядомасцi. Як сведчаць факты, беларускiя сяляне нярэдка дэманстравалi нечакана высокi ўзровень палiтычнай адукаванасцi. Пра гэта пiсаў у студзенi 1919 г. у сваiм дакладзе iнструктар аддзела кiравання камуны Г.Шаўкун, якi перад тым прысутнiчаў на сялянскiм сходзе ў вёсцы Баравое, што ля мястэчка Койданава, i спрабаваў агiтаваць жыхароў за камуну. «Далее некоторые крестьяне, — пicаў Шаўкун, — стали заявлять, что в России все дорого стало от того, что стали вводить коммуну, и что благодаря последней все становятся лентяями и не хотят работать» 1. Як добры агiтатар, Шаўкун пачаў тлумачыць, што галоўныя прычыны голаду ў Pacii — гэта вайна, контррэвалюцыя, iмперыялiсты, якiя яе падтрымлiваюць, а таксама кулакi i спекулянты. Сяляне аднак зноў з iм не пагадзiлiся. «По окончании разъяснения, — працягвае iнструктар, — вновь посыпались возражения, в коих главным образом указывалось, что мол воевали 4 года и теперь еще приходится воевать, что с Россией другие державы не хотят считаться, потому что в ней нет ответственного лица, которое стояло бы во главе государства, например, президента. А потому надлежало бы созвать Учредительное Собрание». У вынiку iнструктару Шаўкуну так i не ўдалося пераканаць сялян у неабходнасцi камуны i наогул савецкай улады. «Незадолго до закрытия собрания я предложил крестьянам принять резолюцию о поддержании советской власти всеми силами и материальными средствами. Резолюция была выслушана с недоверием, поднялись споры, посыпались протесты, в результате коих резолюция принята не была из боязни, что если, мол, примут, то тогда погонят всех их на войну и заберут весь хлеб, скот, и проч. имущество. Я объяснил, что значит резолюция и т. д., но несмотря ни на что крестьяне упорно отстаивали свои позиции и резолюцию не приняли. Мало того, когда я спросил, желают ли они вообще советскую власть и дать ответ на это поднятием рук, никто не поднял руки». Магчыма, далёка не ўсе беларускiя сяляне былi настолькi палiтычна свядомымi, як жыхары вёскi Баравое, хоць такая з'ява не была i выключнай. Недавер гэтых сялян да савецкай улады нельга растлумачыць i кулацкiм уплывам, бо сярод iх практычна не было кулакоў. «Одновременно с этим должен отметить, — пiсаў Шаўкун, — что д. Боровое сравнительно небогата. Кулаков почти нет. Почти все крестьяне владеют незначительными участками земли, в размере от одной до пяти десятин» 2.

Недавер i варожасць беларускiх сялян да бальшавiкоў былi выклiканы iншымi прычынамi, галоўнымi з якiх сталi дзеяннi самiх бальшавiцкiх уладаў. Антысавецкi рух быў натуральнай рэакцыяй насельнiцтва на акупацыйны характар «дыктатуры пралетарыята» ў Беларусi.

Можна адзначыць тры асноўныя характэрныя рысы ўлады бальшавiкоў, якiя сталi прычынамi варожага настрою да яе значнай часткi беларусаў. Першай, найбольш адметнай з iх быў «чырвоны тэрор», развязаны бальшавiкамi на Беларусi ў часы савецка-польскага канфлiкту. Формы i метады гэтага тэрору таксама былi розныя, ад прымусовай працы да заключэння ў канцэнтрацыйных лагерах i нават расстрэлаў на месцы. Найбольшае абурэнне выклiкала бескантрольная дзейнасць ЧК, органа пазасудовай расправы, якая карала i бязвiнных, i вiнаватых. Гэта былi вымушаны прызнаць нават бальшавiкi, прычым тыя з iх, хто займаў высокiя пасады ва ўрадзе Лiтбела. У сваiм лiсце ад 21 жнiўня 1919 г. да старшынi УЧК Ф.Дзяржынскага члены ЦК Кампартыi Лiтвы i Беларусi Мiцкевiч-Капсукас i Цiхоўскi пiсалi: «На самом деле безсистемными расстрелами направо и налево при той обстановке, какую мы видели, было лишь усиленно враждебное отношение населения к советской власти и не только среди буржуазии, но и среди рабочих. До глубины души были возмущены поведением ЧК даже многие партийные тов. тов. Нам стоило больших усилий, чтобы успокоить Минский рабочий полк, который готов был разнести ЧК»3.

Iншым, не менш значным фактарам, якi меў уплыў на стаўленне беларусаў да бальшавiкоў, была палiтыка прадразвёрсткi, пры дапамозе якой савецкая ўлада iмкнулася забяспечыць харчам свае войскi. Сяляне, чыя гаспадарка была моцна разбурана яшчэ першай сусветнай вайной, не разумелi i не маглi зразумець, чаму яны павiнны аддаць апошняе i памёрцi ад голаду. А што на справе так i было, сведчаць шматлiкiя дакументы, у тым лiку i апублiкаваныя яшчэ пры савецкай уладзе. Напрыклад, апiсваючы становiшча ў Серакаротнянскай воласцi ў сваiм дакладзе ў лютым 1920 г., прадстаўнiк Вiцебскага рэўкома казаў: «Экономическое положение волости самое критическое. О каких либо излишках хлеба не может быть и речи, но у многих граждан уже нет хлеба на дневное пропитание, в чем удостоверился высланный агент упродкома» 4.

У цеснай сувязi з прадразвёрсткай былi i такiя шырока распаўсюджаныя з'явы, як самачынныя рэквiзiцыi асобных вайсковых частак i звычайнае рабаўнiцтва, якое дазвалялi сябе чырвонаармейцы. Пра тое, што гэта выклiкала, мякка кажучы, абурэнне беларускiх сялян, пiсалi ў свой час яшчэ камандзiры Чырвонай армii. «Ярко ощущавшиеся в Минском районе симпатии населения к красным, — распавядаў камандзiр дывiзii Вiтаўт Путна, — в районах ближе к Бугу начинали тускнеть. Немало этому способствовало и то обстоятельство, что мы, оторванные от баз, не имея подвоза для армии по железным дорогам, использовали несметное количество крестьянских подвод. Крестьянин считал, что проповедуемое нами освобождение от ига помещиков — дело хорошее, но все это — пока вещь гадательная, а вот что он вынужден неделями мотаться с подводами, когда хлеба переспевают в поле, это плохо, это вещь более ощутительная и реальная» 5.

Справа была, аднак, значна больш сур'ёзная, чым проста незадаволенасць сялян неабходнасцю «мотаться с подводами». Сiмпатыi да савецкай улады, пра якiя пiсаў Путна, паспелi «потускнеть» значна раней, чым дывiзiя гэтага камандзiра з'явiлася ў Беларусi. Праходзячы праз беларускiя землi, чырвоныя часткi адбiралi у сялян апошнi харч, якi яны збераглi пасля вiзiтаў прадатрадаў i апрадкамаў, што, вядома ж, не спрыяла ўзаемапаразуменню памiж савецкiмi войскамi i жыхарамi Беларусi. Ужо ў 1919 — пачатку 1920 г. прадстаўнiкi савецкай улады канстатавалi, што «взаимоотношения между частями войск, населением и волревкомами в некоторых местах враждебные ввиду бестактных реквизиций, требований подвод для личных поездок, вымогательства непосильных угощений, грубых обращений красноармейцев» 6.

Трэцiм значным фактарам узаемадачыненняў беларускага насельнiцтва i бальшавiкоў быў сваеасаблiвы «налог крывёй», якi апошнiя прымусiлi плацiць жыхароў нашай краiны. Пасля заключэння ваенна—палiтычнага саюза РСФСР, УССР i Лiтбела ў сакавiку 1919 г., скiраванага на атрыманне матэрыяльных i чалавечых рэсурсаў ад фармальна незалежных савецкiх рэспублiк для перамогi ў грамадзянскай вайне, бальшавiкi неаднаразова праводзiлi мабiлiзацыю беларусаў на вайсковую службу. Гэтыя мабiлiзацыi праходзiлi ў розных раёнах Беларусi ў розныя часы. У войскi прызывалi i прадстаўнiкоў розных сацыяльных слаёў i розных узростаў са збяднелага сялянства i рабочых. Але нават такi класавы падыход не даваў бальшавiкам адпаведных вынiкаў, а некаторыя з прызываў былi наогул беспаспяховыя. Напрыклад, 25 красавiка 1919 г. быў выдадзены дэкрэт «О призыве среднего и беднейшего крестьянства к борьбе с контрреволюцией», згодна з якiм ад кожнай воласцi мабiлiзавалася ад 10 да 20 чалавек. Хутка арганiзатары мабiлiзацыi сутыкнулiся з непераадольнымi цяжкасцямi, пра што сведчыць, у прыватнасцi, справаздача Клiмавiцкага павятовага камiтэта РКП(б) за чэрвень 1919 г.: «Что касается мобилизации 20 человек от волости, то такая проходит туго. Наметить кандидатов сходом не представляется возможным, назначать исполкомом также затруднительно. Население на сходах высказывается за добровольную запись. Заметных результатов мобилизации 20, таким образом, не имеется» 7.

Магчыма, што сяляне ставiлiся б да мабiлiзацыi з большым энтузiязмам, калi б свежае папаўненне з Беларусi накiроўвалася супраць палякаў, на вызваленне сваёй айчыны. Замест гэтага бальшавiцкiя вайсковыя ўлады фармавалi часткi Заходняга фронту з мабiлiзаваных i ахвотнiкаў расiйскага, латышскага, лiтоўскага, эстонскага i нават кiтайскага паходжання, а беларусамi дакамплектоўвалi дзянiкiнскiя i калчакаўскiя франты. Так, паводле дадзеных Алега Латышонка, з 200 тысячаў мабiлiзаваных улетку 1919 г. жыхароў Беларусi толькi 40 тысячаў трапiлi на Заходнi фронт8.

Натуральнай рэакцыяй беларускiх сялян i рабочых, якiх вымушалi пакiдаць свае дамы i iсцi памiраць кудысьцi за тысячы кiламетраў невядома за што, былi ўхiленне ад прызыва i дэзерцiрства. I першае, i другое былi шырока распаўсюджанымi з'явамi i, па сутнасцi, сталi адной з формаў барацьбы жыхароў Беларусi супраць бальшавiкоў. Ужо ў 1919 г. уцёкi з войскаў i з мабiлiзацыйных пунктаў набылi значным памеры. Барацьбой з дэзерцiрствам займалiся як вайсковыя, так i грамадзянскiя ўлады. Пры кожным рэўкаме (у залежнасцi ад яго статуса: валрэўкам, павятовы рэўкам цi губрэўкам) iснавалi спецыяльныя камiсii па барацьбе з дэзерцiрствам. Стваралiся адпаведныя ўзброеныя атрады, звычайна колькасцю па 300 штыкоў i па 50 шабляў, якiя займалiся «паляваннем» на ўцекачоў 9. Метады барацьбы былi разнастайнымi: ад забароны прызыўнiкам з'язджаць у iншыя раёны да расстрэлу ўцекачоў i зняволення iх сем'яў у канцлагеры 10. Найбольш эфектыўнымi (згодна з рэзалюцыяй II Канферэнцыi рэўкамаў прыфрантавой паласы i прадстаўнiкоў дывiзiяў XVI армii Заходняга фронту, якая адбылася 26—27 красавiка 1920 г.) лiчылiся «...применение репрессивных мер путем полной и частичной конфискации как у самого дезертира, так и у его укрывателей и предания последних суду»11.

Нягледзячы на ўсё гэтае, бальшавiкi так i не здолелi перамагчы ў барацьбе з дэзерцiрствам да самага канца вайны. У 1920 г., калi Заходнi фронт лiчыўся галоўным фронтам РСФСР i папаўненне з працоўных Беларусi накiроўвалася супраць палякаў, мабiлiзаваныя ўсё роўна iмкнулiся ўхiлiцца ад прызыву цi збегчы з вайсковай часткi. Шмат з iх уцякалi яшчэ з мабiлiзацыйных пунктаў. У сувязi з гэтым 1 верасня 1920 г. Камiсарыят па ваенных справах БССР выдаў спецыяльны загад: «Из имеющегося в Следственно -Судебной части материала видно, что некоторые Уездвоенкомы ставят в известность мобилизованных, часто не сознавая о недопустимости такого явления, места назначения того или иного наряда, последствием чего мобилизованные, не желая следовать в то или иное место назначения, дезертируют» 12.

У вынiку дэзерцiрства дасягнула неверагодных маштабаў. Яшчэ ў траўнi 1920 Л. Троцкi пiсаў: «Борьба с дезертирством в Западном округе является сейчас вопросом жизни и смерти для Запфронта» 13. Аднак перамагчы ў гэтай барацьбе бальшавiкi не здолелi, таму пытанне «жизни и смерти» вырашылася не на карысць Заходняга фронту. Менавiта дэзерцiрства выканала значную ролю ў вынiках Варшаўскай бiтвы, бо ў вырашальны момант у бальшавiкоў папросту на хапiла сiлаў, што i вызначыла лёс вайны.

Пасля разгрому пад Варшавай плынь уцекачоў, натуральна, толькi павялiчылася. У лiстападзе 1920 г. ваенныя ўлады БССР наогул былi вымушаны пайсцi на адчайны крок, абвясцiўшы «неделю явки с повинной» i паабяцалi дараванне ўсiм, хто з'явiцца добраахвотна да 25 лiстапада 14, але асаблiвага поспеху гэтая мера дасягнуць не магла.

Дэзерцiрства, аднак, было не адзiнай формай супрацiўлення мясцовага насельнiцтва бальшавiкам. Iснавалi i iншыя, больш актыўныя, метады барацьбы з савецкай уладай. Да iх лiку належалi падпалы ваенных складоў i пашкоджанне чыгуначных шляхоў. Так, 2 траўня 1920 г. Троцкi пiсаў: «На железных дорогах вспыхивают уже пожары. В отдельных пунктах (запасная армия) констатированы поджоги... Среди железнодорожников много до последней степени ожесточенного элемента» 15.

Каб выправiць становiшча на чыгунцы, бальшавiкi пайшлi на жорсткiя меры. У розныя часы i ў розных месцах яны рабiлi мясцовае насельнiцтва адказным за становiшча чыгуначных шляхоў, а таксама тэлеграфных лiнiяў. Згодна з загадам армiям Заходняга фронту ўсе мясцовыя жыхары, што жылi не больш чым за 15 вёрст ад чыгункi, неслi адказнасць за яе стан16. Гэтыя формы адказнасцi за пашкоджанне камунiкацыяў бальшавiкi захавалi i пасля вайны, у час барацьбы з бандытызмам. Прычым пакараннi былi даволi жорсткiя. Напрыклад, у загадзе №2 Бабруйскай палiтычнай камiсii па барацьбе з бандытызмам гаварылася: «...за порчу или недосмотр лица, на участке коих это произойдет, будут привлекаться к строжайшей ответственности (вплоть до расстрела)» 17.

Але нi пагрозы, нi нават чырвоны тэрор не маглi спынiць супрацiўленне беларусаў бальшавiцкай акупацыi. Яно набывала ўсё больш актыўныя формы, i хутка дасягнула сваёй найвышэйшай ступенi — узброенай барацьбы. У часы савецка-польскай вайны для гэтай барацьбы iснавала некалькi магчымасцяў. Першай з iх было паступленне ў польскiя часткi на добраахвотнай аснове, бо ў адрозненне ад бальшавiкоў палякi не праводзiлi мабiлiзацыi на занятых iмi беларускiх землях. Гэта магчымасць не выклiкала, аднак, сярод беларусаў асаблiвага энтузiязму, бо ў значнай ступенi палякi таксама разглядалiся iмi як акупанты. Значна больш прывабным было стаць пад сцягi беларускiх добраахвотнiцкiх узброеных фармаванняў. Гэтыя вайсковыя часткi пачалi стварацца яшчэ у 1918 г. пад час нямецкай акупацыi. Да iх належаў i Беларускi пяхотны полк, сфармаваны у Гораднi. Ён налiчваў 800 чалавек i складаўся з чатырох ротаў. Аднак як баявая сiла полк не ўдзельнiчаў у вайне з бальшавiкамi. Палякi хутка расфармавалi яго, дэмабiлiзавалi праваслаўных i яўрэяў, а каталiкоў накiравалi ў польскiя часткi18.

Але спробы стварыць нацыянальнае беларускае войска на гэтым не скончылiся. Дзеячы беларускага нацыянальнага руху, якiя вярнулiся ў Менск разам з палякамi, пачалi працэс фармавання беларускай армii. Юзаф Пiлсудскi падтрымаў гэтую iнiцыятыву i 22 кастрычнiка 1919 г. падпiсаў дэкрэт аб фармаваннi беларускiх узброеных сiлаў у складзе двух батальёнаў. Пазней, 20 лiстапада гэтыя сiлы былi паменшаныя да аднаго батальёна. У той жа час у школе падхаружых рэзерву ў Варшаве быў створаны беларускi ўзвод, а ў Слонiме фармавалася беларуская падафiцэрская школа.

Аднак, нягледзячы на падтрымку Пiлсудскага, дзейнасць Беларускай вайсковай камiсii, якая займалася справай беларускiх узброенных сiлаў, не прынесла практычных вынiкаў з-за сабатажу мясцовых польскiх уладаў. Адзiнай больш-менш рэальнай часткай, створанай БКВ у гэты час, была 1-я рота беларускiх стралкоў, складзеная з 150 жаўнераў 19. Пазней, у 1920 г., яна была пераўтворана ў батальён i нават карысталася польскiмi статутамi, перакладзенымi на беларускую мову, аднак у баях не ўдзельнiчала i ў хуткiм часе пасля вайны была расфармаваная.

Але тое, што спробы ўтварыць беларускае войска былi няўдалыя, не значыць, што беларусы наогул не ўдзельнiчалi ў савецка-польскай вайне. Яны ваявалi ў складзе рэгулярных частак. Напрыклад, вядома, што у 1919 г. добраахвотнiкi -беларусы ўвайшлi ў склад Беларуска -Лiтоўскай дывiзii, фармаванне якой пачалося адначасова з фармаваннем беларускiх нацыянальных частак. Тыя, хто вербаваўся ў гэтую дывiзiю, вырашылi, што гэта i ёсць беларускае войска20. Нараджэнцы Беларусi складалi таксама значную частку аддзела знакамiтага Булака-Балаховiча. Гэты аддзел па баявых якасцях быў не горшы за рэгулярныя польскiя часткi i выканаў у савецка-польскай вайне адметную ролю. У канцы кампанii 1920 г. балахоўцы прарвалi лiнiю фронту, разрэзалi на дзве паловы 4-ю Чырвоную армiю i захапiлi Пiнск. У вынiку бальшавiкi мусiлi адвесцi на ўсход усю лiнiю Заходняга фронту. У далейшым, ужо пасля заканчэння вайны, Булак-Балаховiч са сваёй групай, што атрымала назву Беларускай Народнай Армii, дзейнiчаў самастойна i паспрабаваў вызвалiць краiну ад бальшавiкоў. Гэты яго паход добра вядомы, i наўрад цi варта спыняцца на iм падрабязна. Нягледзячы на паразу ў лiстападзе 1920 г., генерал Булак-Балаховiч не спынiў сваёй дзейнасцi i часткi яго армii актыўна ўдзельнiчалi ў партызанскай барацьбе на тэрыторыi БССР у 1921 г.

Але аснову ўзброенай барацьбы насельнiцтва Беларусi супраць бальшавiзму складаў не ўдзел яго прадстаўнiкоў у рэгулярных фармаваннях польскага войска, а партызанскi рух i сялянскiя паўстаннi, якiя ахапiлi тылы Чырвонай армii з самага пачатку канфлiкту. Добра вядомыя такiя буйныя выступленнi, як Старакапытаўскi бунт i Вялiжскае паўстанне. Але яны не былi адзiнымi ўсплёскамi незадаволенасцi, выклiканымi палiтыкай бальшавiкоў. Своеасаблiвым водгукам Старакапытаўскага бунту было паўстанне ў Рэчыцы 25-26 сакавiка 1919 г. Там паўстала каравульная рота, якая хутка захапiла ўладу ў горадзе. Камунiстаў бiлi i садзiлi ў турму, iх кватэры былi разгромленыя. Паўстанцы разнеслi таксама рэўкам, надзвычкам, аддзел юстыцыi21.

У тым самым сакавiку 1919 г. адбылiся паўстаннi ў Слуцку i ў Барысаве, дзе грамiлi савецкiя ўстановы. Паўстаннi адбывалiся i пазней, як у 1919, так i ў 1920 г. Фактычна не было месяца, каб у якой-небудзь вёсцы, воласцi цi нават горадзе не было ўзброенага выступлення. Напрыклад, у сакавiку 1920 г. у Быхаўскiм павеце адбылася серыя паўстанняў. Сяляне вёсак Куляжы, Урэчча, Запалянная, Прыволь, Лебядзеўка, Рабiнаўка паграмiлi савецкiя ўстановы, знiшчылi дакументы, зрабiлi вобшукi ў кватэрах савецкiх супрацоўнiкаў. 10 сакавiка паўстанцы напалi на Прапойск, раззброiлi там аддзел па барацьбе з дэзерцiрствам, захапiлi тэлеграф 22.

Бальшавiкi абвясцiлi тыя паўстаннi кулацкiмi, а потым гэты тэрмiн аўтаматычна ўвайшоў у працы савецкiх гiсторыкаў. Мiж тым сацыяльны склад паўстанцаў быў даволi разнастай ным, i, як сведчаць крынiцы, супраць бальшавiкоў выступалi як заможныя, так i збяднелыя сяляне. Так, напрыклад, рэагуючы на даклад аб паўстаннi ў Бяларучскай воласцi, народны камiсар унутраных спраў Лiтбел пiсаў: «...делая доклад о „кулацком" восстании в Белоручской волости, Член Исполкома указывает на таких кулаков как сапожник и т. д., что заставляет нас думать о том, что Минскому Уисполкому совершенно непонятны определения слова „кулак" и им подводятся под эту рубрику не только рядовые крестьяне, но и рабочие. Неумелое, нетактичное поведение самого Исполкома зачастую и бывает виновником восстания, которое потом называют кулацким, но которые имеют под собой ДАДАТАК:

1 Нацыянальны Архiў Беларусi (далей: НАБ), ф.4, воп.1, спр.19, а. 38–39.
2 Тамсама.
3 Тамсама, спр.34, а.1.
4 Революционные комитеты БССР, ноябрь 1918 — июль 1920. Минск, 1961 (далей: Революционные комитеты). С.322.
5 Путна В. К Висле и обратно. Москва, 1927. С.7
еще рефераты
Еще работы по разное