Реферат: Пытанні да ккр па прадмеце "Гісторыя Беларусі"


Пытанні да ККР па прадмеце "Гісторыя Беларусі"


Перыядызацыя гісторыі Беларусі. Фармацыйны, цывілізацыйны і дзяржаўніцкі падыходы.

Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі.

Полацкае княства ў IX-XIII стст.

Крэўская унія.

Тураўскае княства.

Дзяржаўны лад і органы ўлады ВКЛ у XV – сярэдзіне XVI ст.

Статуты ВКЛ і іх значэнне.

Сталыпінская аграрная рэформа ў Беларусі.

Культура Беларусі ў IX-XII стст.

Люблінская унія 1569 г.

Беларускае Адраджэнне і дзейнасць Ф. Скарыны.

Рэфармацыя на Беларусі ў XVI ст.

Берасцейская царкоўная унія 1596 г. і стварэнне уніяцкай царквы.

Падзелы Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст..

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў XIV-XV стст.

Развіццё гарадоў у XIV-XVI стст.

Станаўленне фальварковай гаспадаркі і аграрная рэформа сярэдзіны XVI ст.

Аграрная рэформа 1861 г. і яе вынікі для беларускага народа.

Вызваленчае паўстанне 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.

Правядзенне сталыпінскай аграрнай рэформы ў Беларусі.

Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Стварэнне БССР у 1919 г.

Літбел. Другое абвяшчэнне БССР у 1920 г.

Развіццё НЭПа ў Беларусі ў 20-я гг. ХХ ст.

Беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гг.

Ваенныя дзеянн на тэрыторыі Беларусі на пачатку вялікай Айчыннай вайны.

Фашысцкі акупацыйны рэжым і палітыка генацыду супраць насельніцтва Беларусі ў гады другой сусветнай вайны. Партызанскі і падпольны рух.

Наступальная аперацыя “Багратыён” і вызваленне Беларусі ў 1944 г. Страты Беларусі ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны.

Беларусь у сістэме міжнародных адносін пасля другой сусветнай вайны. Удзел БССР у стварэнні і дзейнасці ААН.

Аднаўленне эканомікі Беларусі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР у 60-80-я гг. ХХ ст. Асаблівасці развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі ў пасляваенны перыяд (другая палова 40-х – першая палова 80-х гг. ХХ ст.).

Развіццё культуры і навукі Беларусі ў пасляваенны перыяд.

Сутнасць палітыкі “перабудовы” у БССР у другой палове 80-х гг. ХХ ст. Прычыны сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу.

Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь у 1991 г. Прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у 1994 г. Першыя выбары прэзідэнта. Рэферэндумы 1995 і 1996 гг. і іх наступствы.



^ 1. Перыядызацыя гісторыі Беларусі.

Фармацыйны, дзяржаўніцкі, цывілізацыйны падыходы.


Пры вывучэнні мінулага кожнай краіны ўзнікае патрэба дзялення яго на перыяды – храналагічныя пласты, якія б адлюстроўвалі спецыфіку кожнага з этапаў гістарычнага шляху, пройдзенага народам.

У аснову падзелу кладуцца такія факты і падзеі, якія выклікалі найбольш глыбокія перамены ва ўсіх сферах жыцця: палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай, культурнай і вызначылі далейшы лёс народа.

Навукоўцамі распрацавана некалькі варыянтаў перыядызацыі гісторыі Беларусі.

^ Фармацыйны падыход: Паводле фармацыйнага падыходу гісторыя падзяляецца на грамадска-эканамічныя фармацыі. У яго аснову пакладзена марксісцка-ленінскае разуменне гістарычнага працэсу. Паводле гэтага вучэння, гісторыя чалавецтва ведае пяць спосабаў вытворчасці, што паслядоўна змянялі адзін аднаго: першабытнаабшчынны, рабаўладальніцкі, феадальны, капіталістычны і сацыялістычны (камуністычны), кожны з якіх быў больш прагрэсіўны за папярэдні. Паводле гэтага падыходу ў гісторыі Беларусі былі выдзелены наступныя перыяды:

першабытнаабшчынны лад (100—40 тыс. г. да н. э. – VIII ст. н. э.);

феадальнае грамадства (IХ ст. – 1861 г.);

перыяд капіталізму (1861—1917 гг.);

эпоха сацыялізму (з 1917 г.).

На сённяшні момант большасць навукоўцаў адмовілася ад перыядызацыі па фармацыях.

^ Дзяржаўніцкі падыход: Быў сфармуляваны ў 1920-я гады беларускім гісторыкам У. Ігнатоўскім. У яго аснову пакладзены асаблівасці палітыка-сацыяльнага і культурнага жыцця беларускага народу. Было выдзелена чатыры перыяды, згодна тым дзяржаўным утварэнням, у склад якіх уваходзілі беларускія землі:

Полацкі (ІХ—ХІІІ стст.);

Літоўска-Беларускі (ХІІІ – першая палова ХVI ст.);

Польскі (1569 г. – канец ХVІІІ ст.);

Расійскі (канец ХVIII – пачатак XX ст.).

Фактычна У. Ігнатоўскі выдзеліў і пяты перыяд, упершыню ў беларускай гістарычнай навуцы, прысвяціўшы яго савецкаму часу, і назваў яго “Беларусь пасля звяржэння царызму”.

^ Цывілізацыйны падыход: Апошнім часам цывілізацыйны падыход да перыядызацыі гістарычнага працэсу ўсё часцей выкарыстоўваецца ў беларускіх падручніках і дапаможніках. Менавіта ён забяспечвае лепшае разуменне нацыянальнай гісторыі ў кантэксце сусветна-гістарычнага працэсу. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам, у гісторыі чалавечага грамадства на тэрыторыі Беларусі выдзяляюцца наступныя перыяды:

старажытнае грамадства (100–40 тыс. г. да н. э. – V ст.н. э.);

сярэднія вякі (канец V—ХV стст.);

новы час (ХVІ ст. – 1917 г.);

навейшы час (або найноўшая гісторыя) (1918 — да нашых дзён)


2. Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі


Перыяд першабытнага грамадства ахоплівае працяглы перыяд амаль у 100 тысячагоддзяў — ад першага з’яўлення у краі чалавека і да 2-й паловы 1-га тысячагоддзя нашай эры.

3-за адсутнасці пісьмовых крыніц звесткі пра гэты старажытны перыяд магчыма атрымаць выключна з раскопак архелагічных помнікаў (стаянкі, селішчы, гарадзішчы, пахавальныя помнікі).

У асобныя перыяды старажытнасці для вырабу прылад працы і зброі людзі выкарыстоўвалі розны матэрыял. На падставе гэтага першабытная эпоха падзяляецца на:

каменны век, які складаецца з палеаліта (100 — 11-10 тысячагоддзяў таму назад), мезаліта (9 — 5 тысячагоддзяў таму назад) і неаліта (4 — 3 тысячагоддзяў таму назад);

бронзавы век (3 тысячагоддзі таму назад — 8 — 7 стст. да н.э.)

жалезны век (7 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.)

Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі, якое адбылося яшчэ у палеаліце, супала з рэзкім пахаладаннем (зледзяненнем). У некаторых месцах паўднёва-усходняй Беларусі знойдзены крамянёвыя вырабы архаічнага выгляду, якія могуць датавацца 100—35 тысячагоддзямі да нашых дзён. Магчыма гэта неандэртальцы рабілі першыя спробы асвоіць абшары на ўзбярэжжах Дняпра, Сажа і Прыпяці.

Несумненныя сведчанні засялення першабытным чалавекам паўднёвай Беларусі адносяцца да перыяду 26 — 24 тысячагоддзі назад, калі тут з’явіліся людзі сучаснага тыпу — краманьёнцы. Да гэтага часу адносяцца рэшткі стаянак, якія адкрыты каля вв. Юравічы Калінкавіцкага і Бердыж Чачэрскага раёнаў.

Асноўным заняткам людзей таго часу паляванне, асабліва на мамантаў. 3 костак мамантаў, жэрдак і скур яны будавалі доўгачасовае жыллё з агнішчамі пасярэдзіне, запасы ежы захоўвалі у ямах, выкапаных у вечнай мерзлаце, цела свае прыкрывалі скураной вопраткай, што было неабходна у суровым клімаце. Тагачасныя людзі выраблялі разнастайныя прылады працы і зброю — драўляныя дзіды, да якіх часам мацаваліся крамянёвыя наканечнікі, крамянёвыя скрабкі для апрацоўкі скур, разцы для работы па косці, нажы, праколкі.

У эпоху мезаліту (9-5 тыс. г. да н. э.) адбылося пацяпленне клімату, сетка рэк і азёр, расліннасць і жывёльны свет набылі выгляд, блізкі да сучаснага. Гэтыя змены паўплывалі на ўсе бакі жыццядзейнасці чалавека: мяняюцца спосабы палявання, з'яўляюцца новыя формы і тыпы паляўнічай зброі і прылад працы, удасканальваецца тэхніка іх апрацоўкі. У эпоху мезаліту чалавек стаў ужываць ужо масіўную крэмневую сякеру і цясло, з дробных апрацаваных крэмневых пласцін – нажы, наканечнікі стрэл, гарпуноў. Лук і стрэлы, вынайдзеныя ў канцы палеаліту, у мезаліце распаўсюдзіліся паўсюдна. Большае месца ў жыцці чалавека займае рыбалоўства. Асабліва эфектыўнай становіцца збіральніцкая гаспадарка. У эпоху мезаліту адбываецца першае суцэльнае засяленне чалавекам тэрыторыі Беларусі - на сённяшні час тут знойдзена 120 мезалітычных паселішчаў.

У 4-м тысячагоддзі да н.э. у развіцці першабытнага грамадства Беларусі пачынаецца заключны этап каменнага веку — неаліт. Жыхары Беларусі навучыліся ляпіць гліняны посуд, які прызначаўся для гатавання ежы і захоўвання яе запасаў. У канцы эпохі ужо выраблялі шліфаваныя каменныя прылады працы. Але галоўнае — у краі пачалі распаўсюджвацца прынцыпова новыя формы гаспадарання — земляробства і жывёлагадоўля. Яны значна папаўнялі запасы харчавання чалавека, рабілі яго больш незалежным ад прыроды. Усе гэта вяло да павелічэння колькасці жыхароў, а часам і да перанаселенасці і міграцый у пошуках урадлівых глеб. У эпоху неаліту пачалася таксама распрацоўка шахтавым спосабам крэмненосных радовішчаў (Краснасельскія шахты). Змянялася матэрыяльная і духоўная культура, ускладняліся ўзаемаадносіны паміж чалавечымі калектывамі і асобнымі людзьмі.

У 3-м тысячагоддзі да н.э. у гістарычным працэсе на тэрыторыі Беларусі наступілі радыкальныя змены. На нашую тэрыторыю прыходзіць індаеўрапейская групоўка балтаў ("шнуравікі"), што прывяло да карэннай змены этнічнага складу яе насельніцтва. Балты змяшаліся з абарыгенамі-еўрапеоідамі і вялі ў вытворчую гаспадарку (жывёлагадоўля і земляробства). Ва ўжытак старажытных жыхароў Беларусі пачалі трапляць медныя і бронзавыя вырабы (узбраенне, упрыгожванні). Наступіў бронзавы век.

Заключным этапам першабытнасці на тэрыторыі Беларусі стаў жалезны век, які найперш характарызаваўся з'яўленнем і шырокім распаўсюджаннем металургіі, вырабам з жалеза прылад працы і зброі. Жалеза выплаўлялі з мясцовай сыравіны - балотнай руды.

Аснову гаспадаркі насельніцтва эпохі жалеза складалі земляробства і жывёлагадоўля, якія дапаўняліся рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам. Пераважала падсечнае земляробства. Жалезная сякера і саха з жалезным нарогам, рала з наральнікам, сярпы і косы дазволілі значна павялічыць плошчы, занятыя пасевамі, забяспечыць прадуктамі харчавання людзей і статак і, акрамя таго, утварыць пэўныя запасы. Удасканальваліся і іншыя заняткі насельніцтва, з'явіліся неабходныя ў вытворчасці і побыце нажніцы, абцугі, напільнікі, пілы і інш. Палепшылася апрацоўка дрэва, з'явіўся новы, больш дасканалы інструментарый, пашырыўся тавараабмен.

На тэрыторыі Беларусі вядома каля 1000 гарадзішчаў жалезнага веку, умацаваныя землянымі валамі і сценамі з бярвенняў, у якіх жылі носьбіты розных археалагічных культур.


3. ^ Полацкае княства ў ІХ — ХІІІ стст.

Асноўныя даты:

862 г. — першая ўзгадка Полацка

1067 г. — першая ўзгадка Мінска (бітва на Нямізе)

1044 — 1101гг. гады княжання Усяслава Чарадзея.

сярэдзіна ХІ ст. — будаўніцтва Сафійскага сабора ў Полацку

^ Тэрміны і імёны:

Рагвалод — першы полацкі князь

Крывічы — усходнеславянскае племя, якое рассялілася ў Паўночнай і часткова Цэнтральнай Беларусі

Веча — сход гараджанаў для вырашэння грамадскіх спраў

Крыжакі — члены еўрапейскіх рыцарска-манаскіх ордэнаў


Узнікненне інстытута дзяржавы звязана з распадам першабытнага ладу, пераходам да суседскай абшчыны, паступовым выдзяленнем сярод агульнай масы насельніцтва палітычнай і духоўнай эліты, са спецыялізацыяй і канцэнтрацыяй вытворчасці, узнікненнем гарадоў і г. д. На землях Усходняй Еўропы працэс утварэння дзяржаў адбываўся ў VIII-X стст. Крывіцкі Полацк, палянскі Кіеў і славенскі Ноўгарад выступілі першымі цэнтрамі кансалідацыі ўсходнеславянскіх племянных саюзаў. Гэтыя саюзы ўяўлялі сабой паўпатрыярхальныя-паўфеадальныя "княжанні" з князямі на чале і насельніцтвам, якое характарызавалася агульнай этнічнай самасвядомасцю, моўным адзінствам і падабенствам культуры.

На мяжы VIII-ІX стст. вакол Полацка пачало складвацца аб'яднанне крывічоў, якое ў першай палове ІХ ст. сфарміравалася ў самастойную тэрытарыяльную, палітычную і эканамічную адзінку і на аснове якога аформілася раннедзяржаўнае Полацкае княжанне. Полацк упершыню прыгадваецца ў летапісах ужо ў 862 г. як адзін з важнейшых гарадоў Усходняй Еўропы. Сваім раннім узнікненнем і інтэнсіўным развіццём Полацкая зямля ў многім абавязана воднаму шляху "з варагаў у грэкі", які злучаў праз сістэму рэк Дняпра, Дзвіны, Ловаці і Волхава поўдзень кантынента з поўначчу, усход з захадам.

^ У X-XI стст. Полацкае княства з'яўлялася адным з буйнейшых і магутнейшых княстваў на тэрыторыі Усходняй Еўропы і сапернічала з Кіевам і Ноўгарадам у аб'яднанні зямель. Па сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму ўзроўню яно не саступала развітым дзяржавам таго часу.

У апошняй чвэрці X ст. у Полацку незалежна ад Кіева і ад Ноўгарада правіў Рагвалод. У 980 г. ноўгарадскі князь Уладзімір Святаслававіч вырашыў умяшацца і парушыць палітычныя сувязі Полацка і Кіева. Знешне падзеі выглядалі ў форме сватання Уладзіміра да Рагнеды, ужо заручанай з Яраполкам. Пасля адмовы Рагнеды Полацк быў абрабаваны і спалены. Мужчынская лінія полацкіх князёў была знішчана. Рагнеда гвалтам узята ў жонкі.

Пачатак палітычнаму адраджэнню Полацкага княства на мяжы X-XI стст. паклаў князь Ізяслаў (Уладзіміравіч), высланы на радзіму разам са сваёй маці Рагнедай пасля яе няўдалага замаху на жыццё Уладзіміра. Разам з Ізяславам узнаўляўся род полацкіх князёў, якія нязменна называлі сябе Рагвалодавічамі (пазней Усяславічамі).

XI ст. звязана з іменамі буйнейшых палітычных дзеячаў — князёў ^ Брачыслава Ізяслававіча (1103-1044) і Усяслава "Чарадзея" (1044-1101).

У часы Брачыслава пашыраюцца межы Полацкай зямлі, у першую чаргу на захад і поўнач. Паўстаюць новыя гарады. Палачане цалкам кантралююць гандлёвы шлях па Дзвіне да Балтыйскага мора, збіраюць даніну з балтыйскіх плямён.

Разам з тым абвастраліся адносіны паміж Полацкам і Ноўгарадам, што было выклікана барацьбой за прыярытэтнае права кантролю над скандынаўска-візантыйскім экспартам-імпартам па шляху "з варагаў у грэкі".

З пачатку 60-х гадоў XI ст. Усяслаў выходзіць на ўсходнееўрапейскую арэну: падтрымаў Кіеў у барацьбе з качэўнікамі; падкрэсліў дзяржаўную асобнасць Полацка і засведчыў свету яго роўнасць з Кіевам і Ноўгарадам узвядзеннем Сафійскага сабора.

Пад час адной з феадальных войнаў паміж Усяславам і Яраслававічамі упершыню ўзгадваецца ^ Менск (1067 г.). У далейшым Усяслаў быў захоплены ў палон і пасаджаны ў цямніцу. У выніку паўстання ў Кіеве Усяслаў быў раптоўна "ўзнесены" ў вялікія князі.

Эпоха Усяслава была часам найбольшай магутнасці Полацкай зямлі. З яго смерцю княства падпала пад працэс феадальнага драблення. У самастойныя ўдзелы вылучыліся Менск, Віцебск, Друцк, Ізяслаўль і Лагожск, Лукомль.

У XII ст. даволі хутка расла палітычная роля Менска, які стаў сапернікам Полацка ў аб'яднанні зямель. На пэўны час Менск стаў значным адміністрацыйна-палітычным, вайсковым і культурным цэнтрам Беларусі.      

Развіццё феадальных адносін, рост гарадоў, узмацненне ролі гарадской вярхушкі, актывізацыя мас разам з аслабленнем княжацкай улады абумовілі складванне новага палітычнага ладу, пры якім рэальная ўлада стала належаць сходу гараджан - веча. Веча існавала ў Полацку і, відаць, у Менску, Друцку, Віцебску. Яго роля ў палітычным жыцці зямлі з канца 20-30-х гг. XII ст. узмацняецца. Баярска-купецкая вярхушка выкарыстоўвала вечавыя сходы ў сваіх інтарэсах. Паўнапраўнымі ўдзельнікамі веча прызнаваліся толькі свабодныя людзі. Веча абмяжоўвала ўладу князя, але не знішчала яе.

Закладзеныя ў Х-ХІ стст. падмуркі самастойнасці Полацкай зямлі сталі перадумовай таго, што ў ХІІ ст. яна паспяхова адстойвала свае межы, у пачатку ХІІІ ст. стала на абарону ўсходнееўрапейскіх інтарэсаў, уступіла ў цяжкую барацьбу з мечаносцамі. Нямецкія рыцары-крыжакі пачалі настойлівую акупацыю зямель балтаў, якія былі у саюзніцкіх адносінах з палачанамі ці плацілі ім даніну, і ўласных полацкіх зямель. Ордэн мечаносцаў, які з 1237 г. называўся Лівонскім, узяў пад свой кантроль землі латгалаў і ліваў па ніжнім цячэнні Дзвіны, былі захоплены полацкія гарады Кукейнос і Герсіка. Крыжацкая пагроза прымушала ісці на ваенны саюз Полацка з Ноўгарадам і Полацка з Літвой. Полацкая зямля паступова губляла сваю магутнасць і былую веліч. У такіх абставінах палачане і пайшлі на саюз з землямі Верхняга Панямоння, сталіцай якіх быў Наваградак, праз запрашэнне на свае княжанне літоўскіх князёў. У канцы 50 — пачатку 60-х гг. XIII ст. на полацкім княжанні з’яўляецца першы літоўскі князь Таўцівіл. Пачынаецца перыяд існавання Полаччыны ў саюзе з Літвой у новай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім.

4. ^ Тураўскае княства


Асноўныя даты:

980 г. — першая ўзгадка Турава

Тэрміныі і імёны:

Тур — першы летапісны князь Тураўскай зямлі

Дрыгавічы — усходнеславянскае племя, якое рассялілася ў Паўднёвай і часткова Цэнтральнай Беларусі.

"Шлях з варагаў у грэкі" — водны шлях, які злучаў Чрнае і Балтыйскае моры. Меў важнае эканамічнае, палітычнае і ваеннае значэнне ў ІХ — ХІІІ стст.

Тураўскае княства ўтварылася ў межах рассялення дрыгавічоў — у паўднёвай Беларусі, басейне р.Прыпяць. Сталіца княства горад Тураў упершыню ўзгадваецца ў 980 г. Гістарычныя крыніцы дазваляюць меркаваць, што да канца X ст. у Тураве кіравала ўласная дынастыя князёў, чый радавод быў спынены падчас утварэння "імперыі Уладзіміра Святаславіча".

У 988 г. Уладзімір выдзеліў Тураўскую зямлю свайму трэцяму сыну Святаполку. Гэта сведчыць аб вялікай значнасці і ролі Тураўскага княства. У далейшым Святаполк спрабаваў атрымаць незалежнасць Тураўшчыны ад Кіева. Ён зрабіў гэту спробу яшчэ у 1012 г. пры жыцці Уладзіміра, узяўшы напярэдадні шлюб з дачкой польскага караля Баляслава Харобрага і запрасіўшы да сябе каталіцкага епіскапа. Аднак у барацьбе Святаполка за самостойнасць Тураўскай зямлі былі падставы геапалітычнага плана. Тураўшчына знаходзілася у выгадным геаграфічным становішчы на шляху з Польшчы у Кіеў, акрамя таго, праз Тураў праходзіла адно з адгалінаванняў шляху "з вараг у грэкі".

Пасля смерці Уладзіміра Святаславіча у 1015 г. менавіта Святаполк тураўскі становіцца кіеўскім князем, але пакідае за сабой і Тураўскую зямлю. Пасля яго смерці Тураўскае княства было ўключана ў склад Кіеўскай Русі.

У XI—XII стст. Тураў меў цесныя палітычныя і культурныя сувязі з Кіевам. Тураўскія князі неаднаразова станавіліся вялікімі князямі кіеўскімі. Важнае паведамленне пра Тураў ёсць у летапісе пад 1158 г. Войска шасці князёў на чале з Ізяславам Кіеўскім 10 тыдняў беспаспяхова трымалі ў аблозе гэты горад, што сведчыць аб магутнасці яго абарончых збудаванняў і мужнасці жыхароў. Пасля 1158 г. Тураў становіцца фактычна незалежныім ад Кіева.

Аднак Тураўская зямля не набыла і той палітычнай кансалідацыі, якую здабыла Полаччына. У гэты час Тураўская зямля падзялілася на ўдзельныя княствы: Тураўскае, Пінскае, Клецкае, Слуцкае, Дубровіцкае. Сярод гарадоў Тураўскага княства найбуйнейшымі былі Пінск і Бярэсце, меншымі — Кобрын, Камянец, Драгічын, Вельск, Мельнік, Мазыр, Рагачоў, Брагін.

У другой палове XII ст. адбываецца узвышэнне Пінска. Ён быў не проста ўдзелам, а паступова станавіўся сапернікам Турава. З пачатку XIII ст. стала яўна вылучацца вядучае месца Пінска ў жыцці Тураўскай зямлі. Ён бярэ на сябе ўвесь цяжар барацьбы з галіцка-валынскімі князямі, якія імкнуліся падпарадкаваць сабе гэту зямлю пасля яе выхаду з залежнасці ад Кіева.

Раздробленая на ўдзельныя княствы і аддаленая ад буйных палітычных цэнтраў, Тураўская зямля не магла адыгрываць важнай ролі ў грамадска- палітычным жыцці Русі. У XIII ст. яны знаходзяцца ў рэчышчы палітыкі больш магутных суседніх княстваў – спачатку Кіеўскага, а потым – Уладзіміра- Валынскага, удзельнічаюць у барацьбе супраць Літвы.


^ 5. Крэўская ўнія

Асноўныя даты:

1385 г. — падпісанне ўмоў Крэўскай уніі

Падзеі і імёны:

Ягайла — вялікі князь ВКЛ (1377 — 1381, 1382 — 1392), кароль Польшчы (1386 — 1434). Заснавальнік дынастыі Ягелонаў

Ядвіга — каралева Польшчы (1384 — 1399), жонка караля Польшчы і вялікага князя ВКЛ Ягайлы

Унія — у перакладзе з лацінскага — саюз.

Гэта акт дзяржаўнага саюзу паміж ВКЛ і Польшчай. Заключаны 14.08.1385 г. у Крэўскім замку. Гэта дакументальнае зацвярджэнне вялікім князем ВКЛ Ягайлам папярэдне прынятых абавязательстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў, а таксама стварыць дзяржаўны саюз (унію) ВКЛ і Кароны Польскай. Акт зафіксаваў, што польскія паслы абяцалі Ягайлу ад імя сваёй дзяржавы аддаць у жонкі малалетнюю польскую каралеву Ядвігу, а зёю польскую карону. Заключэнне ўніі было аблегчана ўзмацненнем улады Ягайлы і яго прымірэннем з Вітаўтам. Агульнымі галоўнымі фактарамі саюзу была барацьба з абедзьвюх дзяржаў з Тэўтонскім Ордэнам, нябеспека з боку якога ўзмацнілася і пагражала стратай зямель Польшчы і ВКЛ. У стварэнні саюзу былі зацікаўлены літоўскія, беларускія феадалы і польская шляхта, але найперш каталіцкая царква, якая мірным шляхам атрымала магчымасць ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе. Абедзьве дзяржавы б'ядноўвалі адзін манарх (праўда ненадоўга), але кожная з іх мела сваю сістэму кіравання, праводзіла самастойную палітыку. Канчатковае заключэнне ўніі адбылося ў 1386 г. Ягайла ажаніўся на Ядзвізе, яго адзінагалосна выбралі польскім каралём (як Уладзіслаў ІІ) і ён прыняў каталіцтва. У 1387 г. было ўтворана Віленскае біскупства.

Вынікамі Крэўскай ўніі з'яўляюцца — даволі трывалы дзяржаўны саюз, які трымаўся на персанальнай ўніі; паступовае збліжэнне дзяржаўных інстытутаў ВКЛ і Польшчы; культурнаее збліжэнне вярхоў грамадства. Дзякуючы саюзу ўдалося ліквідваць пагрозу з боку Тэўтонскага Ордэна, перамагчы яго ў Грунвальдаскай бітве 1410 г., адкурыць гандлёвыя шляхі ў Заходнюю Еўропу. На ўсходзе ВКЛ з дапамогай Польшчы ўдалося стрымліваць націск з боку Маскоўскай дзяржавы. Адным з вынікаў уніі быў шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу, а таксама культурнае збліжэнне з іншымі краінамі Еўропы.


6. ^ Дзяржаўны лад і органы ўлады ВКЛ у XIV—сярэдзіне XVI стст.


Тэрміны і імёны:

Рада (паны-рады) — вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў ВКЛ.

Сойм (вальны сойм) — саслоўна-прадстаўнічы орган ВКЛ (шляхецкі з'езд)

Шляхта — прывілеяванае саслоўе ў Беларусі, Літве, Польшчы, Украіне ў XIII-пач. ХХ ст.

Сістэма кіравання краінай у ВКЛ развівалася на аснове старажытнага права, што бытавала ў Полацкім, Менскім, Наваградскім, Тураўскім і іншых княствах. Пасля заключэння Крэўскай уніі і ўсё большага збліжэння з Польшчай у арганізацыю кіравання дзяржавай сталі пераносіцца тыя рысы і формы, якія склаліся ў Польшчы.

Кіраўніком дзяржавы быў вялікі князь (гаспадар), які адначасова з’яўляўся каралём Польшчы. Вялікі князь быў таксама суддзёй, адміністратарам, галоўнакамандуючым узброеных сіл краіны. Галоўным яго абавязкам была абарона ўласнасці і тэрыторыі гаспадарства. Вялікі князь меў шырокія паўнамоцтвы: права весці міжнародныя справы, уступаць у саюзы, абвяшчаць вайну і заключаць мір, ён прызначаў на дзяржаўныя пасады і распараджаўся дзяржаўнымі маёнткамі. Яму належала права заканадаўчай ініцыятывы, за яго подпісам выдаваліся ўсе найважнейшыя заканадаўчыя акты.

На мяжы ХV—ХVІ стст. дзяржаўны лад ВКЛ ужо можна вызначыць як парламенцкую манархію. Непасрэдны ўплыў вялікага князя, які адначасова быў і польскім каралём, на дзяржаўныя справы аслабляўся яго частымі ад’ездамі ў Польшчу. У час знаходжання ў Польшчы князь не меў права займацца дзяржаўнымі справамі ВКЛ. Імі займалася Рада. Спачатку Рада была дарадчым органам пры князі і назначалася гаспадаром па яго ўласным выбары. Паступова значэнне і моц Рады раслі, і яна зрабілася кіруючым органам, які ўжо абмяжоўваў уладу гаспадара. Яна стала пастаянным выканаўча-распарадчым, заканадаўчым, кантрольным і судовым органам. З цягам часу ўстанавіўся пэўны састаў Рады. Права засядаць у ёй мелі каталіцкія біскупы, ваяводы, кашталяны, некаторыя старосты, самыя важныя службовыя асобы цэнтральнага ўпраўлення (маршалак земскі, канцлер, гетман найвышэйшы, падскарбій земскі і інш.) і некаторыя буйныя феадалы па асабістых запрашэннях. Кампетэнцыя Рады была такой жа шырокай, як і самога гаспадара. Яна вырашала пытанні абароны дзяржавы, міжнародных адносін, бягучага кіравання, фінансавай дзейнасці, назначэння на вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Рашэнні, прынятыя з удзелам Рады, не маглі быць зменены або адменены аднаасобна вялікім князем. Прававое становішча Рады было замацавана ў прывілеях 1492 і 1506 гг.

Рада даволі часта склікала агульнадзяржаўныя соймы, каб заручыцца падтрымкай усяго саслоўя шляхты. Агульнадзяржаўны (Вальны) сойм меў важнае значэнне ў сістэме органаў дзяржаўнай улады. На яго пасяджэнні запрашаліся ўсе буйныя феадалы, што ўваходзілі ў састаў Рады, службовыя асобы цэнтральнага і часткова мясцовага кіравання, вярхі каталіцкага і праваслаўнага духавенства, а таксама па 2 дэпутаты ад шляхты з кожнага павета. Усе шляхцічы мелі права з’яўляцца на соймы, але паколькі яны ўхіляліся ад яўкі, у 1512 г. быў прыняты закон, паводле якога павятовай шляхтай выбіраліся па 2 дэпутаты ад кожнага павета. Іншыя слаі насельніцтва сваіх прадстаўнікоў на сойме не мелі. На соймах выпрацоўваўся агульны кірунак знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы. Ён быў форумам вострай палітычнай барацьбы, абмяжоўваў уладу вялікага князя і, часткова, Рады. Інстытут Вальных соймаў дазваляў сярэдняй і дробнай шляхце прымаць удзел у палітычным жыцці краіны.


^ 7. Статуты ВКЛ і іх значэнне

Першым вопытам увядзення пісьмовага права ў межах усёй літоўска-беларускай дзяржавы стаў Судзебнік вялікага князя Казіміра, уведзены ў 1468 г.

У 1528-^ 1529 гг. на Віленскім сойме быў прыняты Першы Статут ВКЛ. Гэта быў агульны пісаны закон для тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Яго прававая моц распаўсюджвалася на ўсіх жыхароў Вялікага Княства (за выключэнне мяшчан, якія кіраваліся нормамі магдэбургскага права).

Утрымліваючы добра распрацаваныя нормы дзяржаўнага, грамадскага, сямейнага, крымінальнага і працэсуальнага права, першы Статут замацоўваў палітычны і сацыяльны лад, дасягнуты на той час у развіцці ВКЛ. Ён уводзіў шэраг перадавых па тым часе прававых нормаў (прынцып персанальнай адказнасці за правапарушэнне, роўнасць усіх перад законам, прысягу службовых асобаў і абарону правоў жанчыны). Статут замацаваў прыярытэт князеў і паноў у палітычнай сістэме дзяржавы, і толькі ў наступнай яго рэдакцыі шляхце ўдалося сцвердзіць ролю свайго сойма

Статут 1529 г. з'яўляецца не толькі выдатным творам юрыдычнай думкі, але і найважнейшым помнікам старабеларускай мовы.

К сярэдзіне XVI ст. шляхта з'ініцыіравала надаць аднолькавы прававы статус усяму шляхецкаму стану. Новы кодэкс законаў, быў прыняты на Віленскім сойме 1565—1566 г., стаў важнай заваёвай шляхты ў яе барацьбе за дэмакратыю. Другі Статут умацаваў палітычна—прававую суб'ектнасць Вялікага Княства як дзяржавы, дэклараваўшы прынцып яго тэрытарыяльнай цэласнасці і абавязаўшы гаспадара вяртаць землі, страчаныя хоць калі на карысць Кароны, Мазовіі, Прусіі ці Інфлянтаў. Спецыяльным запісам прэрагатыва ўвядзення і змянення законаў перадавалася толькі вальнаму сойму. Новы Статут замацаваў поспехі шляхецкага руху супраць неабмежаванага панавання алігархаў. Менавіта ў гэтым кодэксе сцвердзілася як ідэя шляхецкага «народа» — рыцарства, высакародных землеўладальнікаў, якія служаць дзяржаве, а сродкі на жыццё маюць ад земляробства, так і прынцыпы станавай дзяржаўнасці. Статут унёс карэнныя змены ў аснову дзяржаўна-палітычнага жьцця. Вальны сойм цяпер стаў двухпалатны: да гаспадарскай рады (сената) дадалася палата паслоў, і прадстаўнікі павятовай шляхты займелі настолькі ж важны для прыняцця законаў голас, як і паны.

У ^ 1569 г. у выніку Люблінскай уніі Карона Польская і ВКЛ утварылі канфедэрацыю дзяржаў пад назвай Рэч Паспалітая.

Трэці Статут ВКЛ (1588 г.) стаў значнай перашкодай на шляху уніфікацыі палітычных сістэм Кароны і ВКЛ. У Вільні новы кодэкс законаў разглядаўся як прававая гарантыя адасобленасці Вялікага Княства ад Кароны, аснова яго самастойнасці і паўнавартасці як дзяржавы. Не скасоўваючы Люблінскага акта, новы Статут фактычна пазбаўляў яго юрыдычнай сілы, паколькі не змяшчаў ніводнай пастановы аб уніі, якая згадвалася толькі ў самым агульным плане.

Не паўтараючы ніводнага пункта Люблінскага акта аб дзяржаўным адзінстве, Статут адназначна сцвярджаў, што найважнейшыя знешнепалітычныя пытанні (вайна і мір, скліканне паспалітага рушання і г.д.) меў вырашаць толькі вальны сойм Вялікага Княства Літоўскага. Новы звод адмяніў дэклараванае ў Любліне раўнапраўе кароннай шляхты з падданымі Княства на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Палякі ў ім трактаваліся як чужаземцы (як і ў Статутах 1529 і 1566 г.). Яны больш не маглі набываць у ВКЛ зямлю і дзяржаўныя, а на нованабытых тэрыторыях можна было асядаць толькі пры ўмове служэння ВКЛ. Новы звод законаў не прызнаваў і ранейшых тэрытарыяльных стратаў на карысць польскай ці якой іншай дзяржавы.

Шэраг артыкулаў новага Статута, у прыватнасці — смяротнае пакаранне за забойства простага чалавека, прынцып індывідуальнай адказнасці і прэзумпцыі бязвіннасці, абмежаванне нявольніцтва (у якасці нявольнікаў разглядаліся толькі ваеннапалонныя), дэкларацыя рэлігійнай талерантнасці, першая рэгламентацыя прыродакарыстання і інш., — усё гэта ставіла яго на адно з першых месц у практыцы еўрапейскай законатворчасці і прававой культуры.

На беларускіх землях Статут 1588 г. заставаўся асноўным законам да канца існавання Вялікага Княства Літоўскага. У Беларусі III Статут адмяніла толькі імператрыца Кацярына II пасля інкарпарацьгі тэрыторыі ВКЛ у склад Расійскай імперыі, але Павел І вярнуў Трэцяму Статуту сілу закону, і ў 1811 г. ён быў надрукаваны яшчэ па-расійску. Канчаткова звод 1588 г. скасаваў толькі Мікалай І (у 1831 г. — ва ўсходніх губернях Беларусі, а ў 1840 г. — у Менскай, Гарадзенскай і Віленскай).


8. ^ Сталыпінская аграрная рэформа


Асноўныя даты:

1906 — 1915 гг. — правядзенне сталыпінскай аграрнай рэформы

Тэрміны і імёны:

Сталыпін П.А. — прэм'ер-міністр Расійскай імперыі, міністр унутранніх спраў, ініцыятар правядзення аграрнай рэформы

Абшчына — устойлівая форма сацыяльнай арганізацыі, якая характарызуецца пэўнай ступенню калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, асаблівасцямі працэсу вытворчасці і сацыяльна-грамадскага жыцця. Узнікла як арганізацыя крэўных родзічаў (родавая, сямейная абшчына) у першабытнаабшчынную эпоху.

Хутар — аднадворнае сельскае паселішча, размешчанае на адасобленым участку зямлі, дзе знаходзіцца ўся сядзіба або частка пабудоў і інвентару.

Водруб — адасоблены надзел, вылучаны з сельскага абшчыннага землекарыстання ў асабістую ўласнасць сялянскай сям'і. Селянін не пераносіў сядзібу на свой участак (гл. хутар), а заставаўся ў вёсцы.

Земства — установа, якая выбіраецца для кіравання мясцовай гаспадаркай, народнай адукацыяй, медыцнскім абслугоўваннем насельніцтва інш. Ствараліся ў паветах і губерніях з мясцовых памешчыкаў.


^ Рэформа, ініцыятарам якой быў П.А. Сталыпін, была спробай перавеці аграрныя адносіны ў Расійскай імперыі на рэйкі капіталізму.

Сутнасцю сталыпінскай аграрнай рэформы было разбурэнне сялянскай абшчыны і ўкараненне сялянскай зямельнай уласнасці, што было абумоўлена неабходнасцю паскарэння развіцця капіталізму на вёсцы і канчатковай ліквідацыі астаткаў прыгонніцтва ў аграрнай сферы. Сталыпінская праграма капіталістычнага рэфармавання вёскі прадугледжвала:

1). кожны селянін мог аб'явіць прыватнай уласнасцю надзел зямлі, які знаходзіўся ў яго карыстанні;

2). кожны селянін мог свабодна выйсці з абшчыны, свабодна выбраць месца жыхарства і род заняткаў;

3). кожны селянін, які замацаваў зямлю ў прыватную ўласнасць, мог патрабаваць аб'яднання ўсіх яго раскіданых палосак у адзіны надзел (калі на гэты надзел пераносілася сядзіба, то ўзнікаў хутар);

4). сялянам дазвалялася перасяляцца на свабодныя землі у Сібір, Сярэднюю Азію і на Паўночны Каўказ, дзе яны атрымлівалі "пад'ёмныя" і пазыкі на ўладкаванне.

З мэтай інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, павышэння культуры земляробства і жывёлагадоўлі землеўпарадкавальнымі камісіямі і земствамі прымаліся меры па ўзмацненню агранамічнай, заатэхнічнай, ветэрынарнай службаў, арганізацыі пунктаў продажу і пракату сельскагаспадарчых машын і прылад, супрацьпажарнай бяспекі.

За 1906-1915 гг. на Беларусі было створана 12,8 тыс. хутароў (12% ад агульнай колькасці гаспадарак). Паскорыўся працэс распаду феадальнай і рост буржуазнай зямельнай уласнасці. Дваране, чыноўнікі, афіцэры прадавалі сваю зямлю. Пераважная большасць гэтых зямель пераходзіла ў рукі сялян-прадпрымальнікаў, якія стваралі гаспадаркі фермерскага тыпу. У той жа час больш за 40 тыс. двароў сялян-беднякоў і сераднякоў не змаглі наладзіць гаспадарку і былі вымушаны прадаць сваю зямлю.

Істотна ўзрасла тэхнічная ўзброенасць памешчыцкіх і пэўнай часткі заможных сялянскіх гаспадарак. Назіраўся рост сельскагаспадарчай вытворчасці, пасяўныя плошчы пашыраліся за кошт пасеваў тэхнічных і кармавых культур.

За 1904 — 1914 гг. з пяці беларускіх губерняў выехала 356378 чал. Назад на Беларусь вярнуліся 36 544 чал. (10,9 % усіх выехаўшых). Палітыка перасялення паскорыла працэс сацыяльнага расслаення сялян.

Пад час правядзення рэформы ў сакавіку 1911 г. у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях былі створаны земствы.

Сталыпінская рэформа насіла ярка акрэслены буржуазны характар. Галоўным яе вынікам стала канцэнтрацыя зямельнай уласнасці ў руках сялян-заможнікаў, што з’яўлялася неабходнай умовай буржуазнай перабудовы сельскай гаспадаркі, а з другога – рост колькасці беззямельных і незаможных сялян.

9. ^ Культура ІХ — ХІІІ стст. на беларускіх землях


Развіццё культуры ў ІХ-ХІІІ стст. ішло ў цеснай сувязі з працэсам фарміравання дзяржаўнасці на Беларусі. Першапачаткова духоўнае і культурнае жыццё цесна перапляталася з старадаўнімі вераваннямі і культамі. Нашыя продкі спавядалі язычніцтва і пакланяліся Перуну, Вялесу, Даждьбогу, Сварогу і інш. Магутны штуршок для з'яўлення культуры новага тыпу на беларускіх зямлях дало прыняцце паводле візантыйскага (усходняга) абраду ў 988 г хрысціянства. У духоўным жыцці насельніцтва Беларусі дзіўным чынам спалучаліся і перапляталіся язычніцкія і хрысціянскія традыцыі.

Ускладненне грамадскай і гаспадарчай дзейнасці разам з прыняццем хрысціянства абумовілі развіццё з канца Х ст. пісьменства. У аснову беларускай азбукі пакладзены алфавіт, створаны ў 60-я гг. ІХ ст. знакамітым балгарскім асветнікам Кірылам і адаптаваны яго вучнямі пад славянскую фанетыку. Самым старажытным помнікам пісьменства на Беларусі з'яўляецца надпіс на пячатцы полацкага князя Ізяслава (канец Х ст.). Пісьменства ХІІ-ХІІІ стст. прадстаўлена надпісамі на "Барысавых" і "Рагвалодавых" камянях (ХІІ ст.), берасцянымі граматамі (ХІІІ - першая палова ХІV ст.), на крыжы Ефрасінні Полацкай (ХІІ ст.), на цаглінах полацкага Сафійскага сабора і г.д.

У ХІ-ХІІ стст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачалася перапіска кніг. Самая першая бібліятэка была створана пры Сафійскім саборы ў Полацку. Самая старажытная рукапісная кніга - Тураўскае Евангелле (ХІ ст.). Шмат якія падзеі беларускай гісторыі адлюстраваны ў "Аповесці мінулых гадоў", створанай у пачатку ХІІ ст. кіеўскім манахам Нестарам.

Літаратура ХІІ-ХІІІ стст. прадстаўлена царкоўна-павучальнымі творамі і жыціямі святых. Выдатныя кніжнікі, высокаадукаваныя людзі і царкоўныя прапаведнікі тых часоў - Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч і Аўрамій Смаленскі.

^ Кірыла Тураўскі (каля 1130 - каля 1182) - пісьменнік, прамоўца, аўтар шэрагу "слоў", малітваў-споведзяў, аповесцей-прытчаў. Творы Кірылы Тураўскага набылі вялікую папулярнасць на Русі. Летапісец назваў Кірылу "рускім Златавустам".

Выдатнейшай асобай ХІІ ст. з'яўлялася Ефрасіння (Прадслава) Полацкая (каля 1101-1167). Знаходзячыся ў манастыры, яна займалася перапіскай твораў рэлігійна-маральнага зместу. Па яе замове вядомы дойлід Іаан пабудаваў мураваны хр
еще рефераты
Еще работы по разное