Реферат: Развіццё літаратурна-творчых здольнасцей вучняў сродкамі ўрокаў беларускай мовы І літаратуры І пазакласнай работы па прадмеце



Аддзел адукацыі Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта


Дзяржаўная ўстанова адукацыі

«Валмянскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа»




Развіццё літаратурна-творчых здольнасцей вучняў сродкамі ўрокаў беларускай мовы і літаратуры і пазакласнай работы па прадмеце


Намінацыя: настаўнік - прадметнік

Напрамак: настаўнікі беларускай мовы і літаратуры

Мігура Ірына Рыгораўна


2011

^ Змест

Уводзіны 3

Раздзел І. Развіццё літаратурна-творчых здольнасцей вучняў

сродкамі ўрока беларускай мовы 5

І.1. Сачыненне – адзін з відаў працы па ўдасканаленні

творчых здольнасцей вучняў 5

І.2. Пераказ у сістэме развіцця звязнай мовы вучняў 8

І.3. Пераклад - адзін з відаў дзейнасці па развіццю мовы вучняў 11

Раздзел ІІ. Развіццё літаратурна-творчых здольнасцей вучняў

сродкамі ўрока беларускай літаратуры 14

ІІ.1. Творчае чытанне і вывучэнне літаратурнага твора 14

ІІ.2. Пераказ на ўроках літаратуры 15

ІІ.3. Інсцэніроўка, састаўленне кінасцэнарыя, вуснае слоўнае

маляванне 16

ІІ.4. Сачыненні на літаратурную тэму 17

ІІ.5. Эсэ, рэцэнзія 18

ІІ.6. Водгук як маўленчы жанр 19

Раздзел ІІІ. Развіццё літаратурна-творчых здольнасцей вучняў

сродкамі пазакласнай работы па прадмеце 21

ІІІ.1. Літаратурныя вечарыны 21

ІІІ.2. Літаратурна-музычная кампазіцыя 23

ІІІ.3. Вусныя часопісы 23

ІІІ.4. Конкурсы чытальнікаў вершаў 24

ІІІ.5. Літаратурны клуб у школе 25

ІІІ.6. Школьная газета – форма калектыўнай творчай дзейнасці 25

ІІІ.7. Канферэнцыі, дыспуты, вечары пытанняў і адказаў 28

Заключэнне 29

Спіс літаратуры 30


УВОДЗІНЫ

Тэма: Развіццё літаратурна-творчых здольнасцей вучняў сродкамі ўрокаў беларускай мовы і літаратуры і пазакласнай работы па прадмеце.

Сучаснае грамадства прад’яўляе да чалавека ўсё больш высокія патрабаванні. Ва ўмовах росту сацыяльнай канкурэнцыі маладому чалавеку неабходна ўмець творча прымяняць тыя веды, уменні, навыкі, якімі ён валодае, умець дзейнічаць эфектыўна. Для таго, каб быць запатрабаваным грамадствам, неабходна быць крэатыўным, незаменным. А для гэтага трэба, каб дзейнасць насіла творчы характар. Праблема развіцця маўлення вучняў набывае ў наш час усё большае грамадскае значэнне, таму што маўленне з’яўляецца важным паказчыкам духоўнай культуры асобы. Грамадству неабходны людзі, якія валодаюць словам, умеюць абараніць свае перакананні, погляды, творча ўключыцца ў працэс міжасобаснай камунікацыі.

Развіццю літаратурна-творчых здольнасцей вучняў неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу. З усіх форм творчасці літаратурная, славесная з’яўляецца самай характэрнай для школьнага ўзросту.

Пры напісанні работы вырашаліся наступныя задачы:

- вывучэнне і аналіз псіхолага-педагагічнай і навукова-метадычнай літаратуры па дадзенай праблеме;

- аналіз методыкі развіцця літаратурна-творчых здольнасцей вучняў сродкамі ўрокаў беларускай мовы і літаратуры і пазакласнай работы па прадмеце;

- высвятленне эфектыўнасці прымянення разнастайных метадаў і прыёмаў, накіраваных на актывізацыю дзейнасці вучняў, фарміраванне ў іх творчых здольнасцей.

Ва ўсіх педагогаў адна мэта – вучыць, развіваць, выхоўваць, але ўсе ідуць да яе рознымі шляхамі. Правільны накірунак работы педагога разам з індывідуальнымі асаблівасцямі вучня фарміраваць усебакова развітую асобу.

Адным з галоўных прынцыпаў нашай адукацыі з’яўляецца яе гуманістычны характар, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей, жыцця і здароўя чалавека, свабоднага развіцця асобы. Педагог павінен удзяляць максімум увагі індывідуальным здольнасцям кожнага дзіцяці, гэта значыць, кожны вучань можа разлічваць на тое, што яго магчымасці будуць улічаны настаўнікам, а значыць, кожная асоба можа свабодна і поўна рэалізаваць свае творчыя здольнасці.

Сучасная педагогіка абапіраецца на тэзіс, што здольнасці да творчасці ёсць у любога чалавека, любога дзіцяці. Задача педагогаў раскрыць гэтыя здольнасці, развіць іх. Здольнасці фарміруюцца паступова ў працэсе актыўнай дзейнасці чалавека. Забяспечыць яе, улічваючы пры гэтым асаблівасці дзяцей, - задача педагога.

Пры напісанні работы выкарыстоўваліся працы наступных аўтараў:

Белай А. I., Ермаловіча А. В., Лаўрэля Я. М., Яленскага М.Г., Руцкай А. В., Ляшук. В.Я., Яфімавай М.Б., Масціцкай Р.У., Чэчата А.В., Цыбульскай С.І., Рагойшы В. П. і іншых.


І. Развіццё літаратурна-творчых здольнасцей вучняў сродкамі ўрока беларускай мовы

Урокі мовы павінны садзейнічаць развіццю літаратурна-творчых здольнасцей вучняў. Зрабіць урокі роднай мовы больш цікавымі, нагляднымі і дынамічнымі дазваляе мультымедыя-ўрок. І калі спачатку прэзентацыі рыхтуе выключна настаўнік, то з цягам часу гэта становіцца творчым заданнем для вучняў.

Інфармацыйныя тэхналогіі фарміруюць уменні самастойна шукаць, аналізаваць і падбіраць неабходную інфармацыю, арганізоўваць, пераўтвараць, захоўваць і перадаваць яе сродкамі рэальных аб’ектаў (тэлевізар, магнітафон, камп’ютэр) і інфармацыйных тэхналогій (аўдыа- відэазапісы, электронная пошта, СМІ, Internet).

І.1. Сачыненне – адзін з відаў працы па ўдасканаленні творчых здольнасцей вучняў

Сачыненне – вiд пiсьмовых работ, які спрыяе развіццю літаратурна-творчых здольнасцей вучняў. Iх значэнне i роля у развiццi звязнай мовы абумоўлена самастойным характарам, прадугледжвае выкладанне вучнымi сваiх думак на пэўную тэму. Гэта праца творчая. Пры напiсаннi сачыненняў выяўляюцца творчыя здольнасці школьнiкаў, глыбiня iх ведаў, самастойнасць думак i выказванняў, здольнасць фантазiраваць i суадносiць уяўленнi з рэчаiснасцю, а галоўнае – уменне выражаць свае пачуццi i думкi словамi.

У час падрыхтоўкi да напісання сачыненняў выяўляецца i творчасць настаўнiка, яго майстэрства змястоўна наладзiць заняткi, выклiкаць цiкавасць выхаванцаў да пошуку, дапамагчы iм псiхалагiчна арганiзаваць i дысцыплiнаваць сябе, падпарадтаваць свае памкненнi, пачуццi, мары адзiнай мэце.

“Сачыненні, якія праводзяцца на ўроках мовы, у залежнасці ад тэматыкі падзяляюцца на дзве вялікія групы:

сачыненні на лінгвістычныя тэмы,

сачыненні на тэмы з жыцця (так званыя вольныя тэмы)”

[ 9. С. 30 ].

У метадычнай і вучэбна-метадычнай літаратуры пытанні падрыхтоўкі вучняў да напісання сачыненняў розных жанраў дастаткова поўна распрацаваны.

Урок, на якім пішацца сачыненне, не мае статычнай структуры: усё залежыць ад таго, над сачыненнем якога тыпу праводзіцца праца. Напрыклад, пры правядзенні сачынення па карціне асноўная ўвага надаецца аналізу зместу твора жывапісу (гутарка па карціне), пасля чаго арганізуецца лексіка-граматычная праца (падбор апорных сдоў, словазлучэнняў), складанне плана і запіс тэксту. Пры правядзенні сачынення паводле ўяулення вялікае значэнне мае падрыхтоўчая праца на папярэдніх уроках: чытанне тэкстаў, назіранні, вусныя выказванні і г. д.. На самім уроку ставіцца задача, даюцца парады адносна таго, як лепш справіцца з ёй.

У адпаведнасці з канцэпцыяй развіццёвага, асобасна арыентаванага навучання арганізацыя працы над сачыненнем мае свае асаблівасці. Па традыцыйнай методыцы дзейнасць вучняў на ўроках развіцця звязнага маўлення часцей за ўсё носіць аднабаковы характар: дзеці або застаюцца сам-насам з пастаўленай дыдактычнай задачай без належнай дапамогі дарослага, або дарослыя «выкарыстоўваюць настолькі актыўную, масіраваную зместавую і лексіка-граматычную падрыхтоўку» [ 9. С. 31 ], што заціскаюць творчыя здольнасці дзяцей у вызначанае імі рэчышча, не даючы раскрыцца гэтым здольнасцям, самавыявіцца асобе.

Асаблівасці працы нал сачыненнем у адпаведнасці з канцэпцыяй асобасна арыентаванага навучання грунтуюцца на зыходным тэзісе: вучыць пісаць сачыненні неабходна паэтапна, спачатку арыентуючыся на тэкст-узор, а затым – на ўласную творчасць, абапіраючыся на атрыманыя веды і ўменні.

Напрыклад, у 5 класе найбольш рацыянальны шлях заключаецца ў арганізацыі падрыхтоўчай працы на аснове тэксту-ўзору. Пры гэтым маецца на ўвазе не ўзорны тэкст лепшага сачынення вучня, а мастацкі тэкст пісьменніка. Заўважым: вучням даецца не арыенцір для дзеяння, а паказваецца прыклад таго, як можна расказаць пра пэўную падзею, з'яву, удала выкарыстоўваючы моўныя сродкі і веды аб пабудове тэксту.

Сачыненнi адрознiваюцца ў залежнасцi ад: месца выканання (класныя i дамашнiя); аб’ёму (разгорнутыя i мiнiяцюрныя); спосабу выканання (калектыўныя i iндывiдуальныя); мэты (навучальныя i кантрольныя); характару працы (без дадатковых заданняў i з iмi); жанру i тыпу тэксту (апавяданне, апiсанне, разважанне, партрэтная характарыстыка, рэпартаж, нататка, рэцэнзiя i iнш.); крынiцы атрымання матэрыялу ( па карцiне, на лiтаратурныя тэмы, на матэрыяле асабiстых назiранняў, перажыванняў i жыццёвага вопыту вучняў).

На ўроках мовы часцей за ўсе практыкуюцца сачыненнi па карцiне i сачыненнi на аснове асабiстых назiрання, жыццёвых уражанняў i ўласнага вопыту школьнiкаў. Кожны з гэтых вiдаў мае сваю спецыфiку i вызначаецца асаблiвасцю методыкi правядзення.

Сачыненнi па карцiне - адзiн з распаўсюджаных у школе вiдаў пiсьмовых прац па развiццi мовы. Карцiна аказвае моцнае эмацыянальнае ўздзеянне на дзяцей, абуджае iх мысленне, дапамагае знайсцi неабходныя словы для пераканаўчага i яскравага выражэння настрою, думак i перажыванняў, якiя ўзнiкаюць пад уражаннем ад карцiны.

Ярка праяўляецца здольнасць вучняу да самастойнай творчасцi ў сачыненнях, напiсанных на аснове асабiстых назiранняў, жыццёвых уражанняў i ўласнага вопыту. Пры выбары тэмы для сачынення настаўнiку трэба кiравацца не толькi яе складанасцю цi прастатой, але i тым, наколькi тэматыка цiкавая i блiзкая вучням, цi знаёмы дзецi з тым матэрыялам, якi трэба адлюстраваць у сачыненнi. Вельмi важна прапаноўваць тэмы, блiзкiя да рэальных сiтуацый, каб праца над iмi захапiла дзяцей, выклiкала ў iх роздум, самастойную ацэнку фактаў, падзей, пра якiя вучань пасля раскажа ў сачыненнi. Тэму сачынення неабходна фармуляваць так, каб яна падказала сюжэт апавядання, асноўную яго думку, нацэльвала на апiсанне канкрэтных прадметаў, з’яў, падзей, пабуджала школьнiкаў да творчасцi.

Найбольш распаўсюджанымi ў школьнай практыцы з’яўляюцца сачыненнi апавядальнага характару. Асноўным матэрыялам iх зместу служаць падзеi з асабiстага жыцця дзяцей цi грамадскiя падзеi, у якiх дзецi прымаюць удзел. Сюды ўваходзяць i пiсьмовыя апавяданнi дзяцей аб экскурсiях на прыроду, мясцовыя прадпрыемствы, апавяданнi аб правядзеннi свят, канiкул i г.д.. Такiя сачыненнi ў большасцi выпадкаў уключаюць у сябе i элементы апiсання. Пiсаць сачыненнi тыпу апавядання вучням значна лягчэй, чым рабiць апiсаннi, паколькi ўражаннi, атрыманыя ад падзей, у школьнiка больш трывалыя, чым ад назiрання карцiн прыроды цi навакольных прадметаў.

Самымi складанымi з’яўляюцца апiсальныя сачыненнi. Мэта такiх сачыненняў – не толькi расказаць пра знаёмае дзецям, але i вызначыць галоўнае, тыповае, спецыфiчнае, уласцiвае толькi кожнаму з iх, перадаць пачуццi i настроi, якiя выклiкаюць гэтыя прадмет, з’ява, падзея, чалавек. Вучыць дзяцей складаць апiсаннi трэба пачынаць з развiцця ў iх назiральнасцi за адзiночным прадметам [ 2. С. 59 ].

Адным са сродкаў развiцця ў вучняў умення лагiчна думаць i даказваць правiльнасць вылучаных палажэнняў з’яўляецца сачыненне-разважанне. Элементы разважання ёсць у любым сачыненнi.

Сачыненне па дадзеным пачатку дае магчымасць узмацнiць элемент творчасцi, пазбаўляе шаблону ў вучнеускiх працах. Пачатак сачынення складае настаўнiк сам цi бярэ з якога-небудзь твора. Першыя фразы павiнны быць зыходным пунктам, ад якога развiваецца самастойная творчая думка школьнiкаў.

І.2. Пераказ у сістэме развіцця звязнай мовы вучняў

“У сiстэме развiцця звязнай мовы вучняў вялiкая роля належыць пераказам, якiя фармiруюць i ўдасканальваюць звязную мову школьнiкаў. У працэсе падрыхтоўкi i правядзення пераказаў у дзяцей выпрацоўваецца ўменне рабiць лагiчны аналiз тэксту, выдзяляць у iм галоўнае i другаснае, складаць план выказвання, дакладна перадаваць змест пачутага, убачанага або прачытанага, звязна выказваць думкi. Апрача таго, пераказы пашыраюць слоўнiкавы запас вучняў, умацоўваюць арфаграфiчную i пунктуацыйную пiсьменнасць, развіваюць літаратурна-творчыя здольнасці вучняў” [ 9. С. 22 ].

Пераказ – гэта пiсьмовая або вусная перадача сваiмi словамi чаго-

небудзь прачытанага, пачутага.

У метадычнай лiтаратуры i ў школьнай практыцы вядомы розныя вiды пераказаў:

1. па адносiнах да аб’ ему зыходнага тэксту: падрабязныя, сцiслыя;

2. па адносiнах да зместу зыходнага тэксту: поўныя, выбарачныя, з дадатковым заданнем;

3. па спосабу выканання: вусныя, пiсьмовыя;

4. па месцы выканання: класныя, дамашнiя;

5. у залежнасцi ад мэты навучання: навучальныя, кантрольныя;

6. паводле характару тэкставага матэрыялу: апавяданне, апiсанне, разважанне, характарыстыка.

Для любога з гэтых вiдаў пераказаў могуць быць прапанаваны яшчэ граматыка-стылiстычныя цi граматыка–арфаграфiчныя заданнi. Пасля стараннага вывучэння тэксту для будучага пераказу настаўнiк вызначае словы, выразы i сказы, з якiмi трэба пазнаемiць дзяцей за некалькi дзён да адпаведнага ўрока. На ўроку, калi праводзiцца пераказ, разглядаюцца словы i словазлучэннi, значэнне якiх залежыць ад кантэксту (фразеалагiзмы, словы, ужытыя ў пераносным значэннi), настаўнiк тлумачыць іх ва ўступнай гутарцы да пераказу i запiсвае на дошцы. Карысна напярэдаднi пераказу арганiзаваць чытанне тэкстаў, праслухоўванне музычных твораў, прагляд кiнафiльмаў i тэлеперадач на тэму, блiзкую да тэксту пераказу.

Пры падрабязным пераказе ставiцца задача не толькi перадаць

асноўную думку аўтара, але i захаваць паслядоўнасць тэксту, апiсання месца, дзеючых асоб, дэталей i характэрныя выразныя сродкi мовы: аўтарскую лексiку, фразеалогiю, сiнтаксiс.

Сцiслыя пераказы прадугледжваюць кароткую перадачу асноўнага зместу пачутага, прачытанага цi ўбачанага, выдзяленне ў тэксце галоўнага, iстотнага. Такiя пераказы лепш за ўсе пачынаюць з добра знаёмых вучням тэкстаў сюжэтнага характару, якiя лёгка расчляняюцца на асобныя, лагiчна закончаныя часткi. Тут патрабуецца захаваць не толькi асноўную думку, а таксама тыя моўныя асаблiвасцi тэксту i мастацкiя дэталi, без якiх нельга зразумець яго iдэйнай накiраванасцi i дасягнуць пазнавальна-выхаваўчых мэт.

У выбарачным пераказе ўзнаўляецца якая-небудзь адна з «рассыпанных» у розных частках тэм зыходнага тэксту, напрыклад, апiсанне наступлення восені, якое дадзена ў тэксце, разгрупавана ў некалькiх частках. Пры такiм пераказе дзецi вучацца расчляняць тэкст i выбiраць з яго менавiта тое, што адпавядае пастаўленай мэце.

У пераказе з творчым заданнем зыходны тэкст некалькi змяняецца, пераапрацоўваецца цi дапаўняецца звязаным па сэнсу, зыходным, але самастойным тэкстам, створаным аўтарам пераказу. У вынiку змест пераказу не супадае са зместам зыходнага тэксту. Асноуная iх задача—развiццё i ўдасканаленне мастацкiх здольнасцей вучняу, у прыватнасцi ўменняў i навыкаў уключаць у пераказ характарыстыкi дзеючых асоб, апiсанне прадметаў, жывёл, людзей, абстаноўкi, пейзажу, увесцi ў тэкст пэўны эпiзод. Творчыя элементы, якiя ўключаюцца ў пераказ, павiнны арганiчна злiвацца са зместам таго, што служыць прадметам пераказу.

Сярод пераказаў, ускладненых моўных заданнем, вылучаюцца пераказы з лексiчным, граматычным, марфалагiчным, сiнтаксiчным, стылiстычным i iншымi заданнямi. Сярод пераказаў гэтай групы ў школьнай практыцы найбольш ужывальныя пераказы са зменай асобы апавядальнiка. Вучням часта цяжка перадаць змест тэксту, напiсанага ад першай асобы. З гэтай мэтай трэба даваць невялiкiя i нескладаныя па зместу пераказы з заданнем змянiць асобу, ад iмя якой вядзецца апавяданне. Пры гэтым важна, каб вучнi не карысталiся аднымi i тымi ж асабовымi займеннiкамi, а ўжывалi замест iх iмя героя цi словы, якiя паказваюць на яго прафесiю, становiшча ў грамадстве.

У выхавані маўленчай культуры, развіцці навыкаў самастойнага выказвання вучняў важную ролю адыгрывае вусны пераказ. “Як і пісьмовыя, вусныя пераказы бываюць розных відаў: падрабязныя (поўныя, блізкія да тэксту), сціслыя, выбарачныя, з творчым заданнем. Паводле характару тэкставага матэрыялу яны могуць быць тыпу апісання, апавядання, разважання і характарыстыкі [ 10. С. 59 ].

І.3. Пераклад - адзін з відаў дзейнасці па развіццю мовы вучняў

Пераклад з рускай мовы на беларускую садзейнiчае развiццю маўленчай мабiльнасцi, адчування слова, удасканальвае навык дакладнасцi выбару слова ў адпаведнасцi з кантэкстам.

Выдзяляюць розныя вiды перакладаў:

- пераклад – супастаўленне;

- пераклад асобных слоў, словазлучэнняў;

- пераклад сказаў;

- пераклад тэкстаў;

- пераклад – пераказ.

Практыкаваннi на пераклад-супастаўленне выкарыстоўваюцца ў 5-6 класах. Названы тып практыкаванняў – самы просты ў параўнаннi з iншымi практыкаваннямi ў гэтым накiрунку. Пры выкананнi такiх практыкаванняў вучнi павiнны прачытаць прапаваныя беларускiя словы, параўнаць iх вымаўленне з аналагiчнымi рускiмi словамi i вызначыць адметныя асаблiвасцi, характэрныя для беларускай мовы.

Пераклад слоў, спалучэнняў, сказаў праводзiцца, як правiла, пры замацаваннi вывучанага матэрыялу без працяглай папярэдняй падрыхтоўкi. Вучнi чытаюць прапанаваны матэрыял падручнiка па-беларуску. Настаўнiк разам з вучнямi працуюць над недахопамі перакладу.

Методыка правядзення перакладу тэкстаў своеасаблiвая. Пераклад тэксту як навучальны вiд пiсьмовай работы павiнен праводзiцца з абавязковай папярэдняй падрыхтоўкай. Вучні выконваюць пераклад тэксту дома (рыхтуюць чарнавы варыянт), на ўроку настаўнiк праглядае чарнавыя накiды тэксту, вучням даецца 5-10 хвiлiн для кансультацыi, класу прапануецца ўзор перакладу (тэкст чытае адзiн з вучняу), настаўнiк у час чытання тэксту вучнем пазначае для сябе словы, перакладзеныя няўдала, якасць перакладу абмяркоўваецца калектыўна: выказваюцца вучнi, выказвае сваю думку настаўнiк, разам раюцца пра найбольш дакладны выбар слова у адпаведнасцi з тэкстам, вучнi самастойна запiсваюць тэкст па-беларуску.

Пры абмеркаваннi прапанаванага перакладу нельга абмяжоўваць вучняў ў выбары беларускiх слоў-эквiвалентаў. Дзецям трэба растлумачыць, што перакласцi пэўнае рускае слова можна з дапамогай некалькiх адпаведных беларускiх слоў, з якiх i трэба выбраць самае дакладнае менавiта для дадзенага кантэксту.

Такiм чынам, у працэсе перакладу неаабходна прапаноўваць некалькi беларускiх слоў-адпаведнiкау, з якiх дзеці павiнны выбраць найбольш дакладнае. Тым самым мы развiваем у дзяцей адчуванне мовы, развіваем іх творчыя здольнасці.

Можна выкарыстоўваць таксама i калектыўны пераклад тэксту. Праводзiцца ён па асобных сказах наступным чынам: настаўнiк (цi вучань) чытае сказ, дзецi прапаноўваюць розныя варыянты яго перакладу, выбiраецца лепшы i запiсваецца. Пасля таго, як будзе запiсаны апошнi сказ, тэкст чытаецца паўторна, пераклад удакладняецца.

Карысна для перакладу даваць урокi хрэстаматыйных твораў, вядомых вучням. Пераклаўшы ўрывак, вучнi маюць магчымасць зверыць свой тэкст з арыгiналам, адзначыць недахопы ў перакладзе.

Працу над перакладам трэба рабiць творчай. Парадковы пераклад не заўсёды дакладна перадае асноўны змест тэксту, не стымулюе развiццё ў вучняў творчых здольнасцей. Таму рэкамендуецца пры арганiзацыi працы над перакладам узяць кiрунак на творчы пераклад, якi развiвае ў дзяцей не толькi маўленчую мабiльнасць, але i адчуванне беларускага слова, мовы, навык творчага пераасэнсавання прачытанага i адпаведнай перадачы пэўнага зместу у беларускiм тэксце. Гэта асаблiва важна падчас працы над тэкстам мастацкага стылю.

Часам прапануецца выканаць пераказ рускага тэксту па-беларуску. Гэта пераклад-пераказ. Прачытаўшы рускi тэкст, вучнi перакладаюць яго і пераказваюць змест тэксту. Пераклад, якi адбываецца пры гэтым, i пераказ тэксту адносна свабодныя: вучнi вызначаюць асноўную думку апавядання i сцісла пераказваюць яго змест.

Пераклад – цiкавы вiд працы, эфектыўны метадычны прыём. Аднак iнтэнсiўнасць яго выкарыстання павiнна строга кантралявацца, нельга дапускаць празмернага захаплення толькi гэтым відам працы. Пераклад карысны ў комплексе з iншымi прыёмамi. Тады ён лiчыцца мэтазгодным i апраўданым.


ІІ. Развіццё літаратурна-творчых здольнасцей вучняў сродкамі ўрока беларускай літаратуры

У працэсе навучання настаўніку неабходна вырашаць творчыя задачы, уводзіць элементы самастойных даследванняў, развіваючы пазнавальныя інтарэсы дзіцяці, яго літаратурна-творчыя здольнасці, патрэбу самастойна думаць. Займаючыся развіццём літаратурнай творчасці навучэнцаў, напрацоўваецца сістэма творчых заданняў па развіцці літаратурных здольнасцей вучняў. Вывучэнне мастацкіх твораў спрыяе развіццю і ўдасканаленню вуснай і пісьмовай мовы вучняў. Да асноўных відаў работ у гэтым накірунку адносяцца: вусныя і пісьмовыя пераказы, партрэтныя характарыстыкі, сачыненні, вуснае славеснае маляванне, водгукі, рэцэнзіі, даклады, выразнае чытанне, вопыты мастацка-творчага характару і інш.. Цікавасць да словатворчасці абуджаюць розныя літаратурныя гульні, асаблівую цікавасць вызываюць творчыя практыкумы, паэтычныя рынгі, трэнінгі “Гуляем ў рыфмы”, “Падкажы слова”, “Збяры радкі”. У працэсе гульні дзеці развіваюць пачуццё рытму, вершаваны слых, атрымліваюць уяўленне пра вершы, іх стварэнне. Гульнявая дзейнасць падштурхоўвае да творчасці. Нярэдка школьнікі самі спрабуюць пісаць вершы. Задача настаўніка – зразумець індывідуальнасць кожнага пачынаючага аўтара, дапамагчы яму. Асноўныя творчыя работы вучняў – безумоўна, вершы. Першапачаткова ў іх шмат недахопаў, але неабходна дзяцей вучыць пісаць вершы, казкі, эсэ, нататкі.

ІІ.1. Творчае чытанне і вывучэнне літаратурнага твора

Для реалізацыі шляхоў развіцця творчых здольнасцей вучняў педагог павінен такім чынам арганізаваць працэс чытання і вывучэння літаратурнага твора, каб падлеткі пастаянна знаходзіліся ў сітуацыі вырашэння творчых задач. Гэта ўмова на ўроках літаратуры рэалізоўваецца найбольш ярка.

Метод творчага чытання садзейнічае развіццю назіральнасці, уменню бачыць і чуць з’явы жыцця, уменню знайсці правільныя словы і выразы для перадачы сваіх уражанняў. Сярод відаў дзейнасці пры рэалізацыі прыёмаў творчага чытання вылучаюцца выразнае чытанне, слуханне мастацкага чытання, пераказы, інсцэніроўкі, састаўленне сцэнарыеў, сачыненні рознага жанру.

Пры развіцці творчага ўмення развіваюцца і творчыя здольнасці. Гэта такія здольнасці як гатоўнасць памяці, мыслення да здольнасці пераносу вопыту. Таксама фарміруецца самастойнасць пры ацэнцы таго, што дзеці чытаюць, чуюць і пішуць. А значыць і такая важная літаратурна-мастацкая творчая здольнасць, як крытычныя адносіны да вынікаў творчасці і яе працэсу. У вучняў развіваецца імкненне знайсці новы падыход, новы тып рашэння, а гэта ўжо арыентацыя на творчасць, творчая актыўнасць вучня.

ІІ. 2. Пераказ на ўроках літаратуры

Вусны пераказ садзейнічае выкананню задачы развіцця і ўдасканалення, актыўнага і поўнага творчага ўспрыняцця мастацкага твора, развіццю іх імкнення да творчасці, рэалізацыі сваіх магчымасцей. Перед настаўнікам стаіць задача абудзіць у вучняў суперажыванне, актывізаваць уяўленне, сфарміраваць чытацкія якасці. Гэтаму садзейнічае шэраг прыёмаў, якія ўключаюць школьнікаў у разнастайную дзейнасць, актывізуюць сатворчасць чытача. Выразнае чытанне настаўніка з’яўляецца штрыхом да разумення твора. Выразнае чытанне вучня рэалізуе разуменне твора.

“Пераказ амаль заўсёды носіць творчы характар, бо пры пераказе праяўляецца асабістыя адносіны вучня да прачытанага”[6.С.40].

Пры пераказе па матывах твора дапускаецца больш свабодная падача тэксту, які скарачаецца і можа перакампаноўвацца. Пераказ твора, яго асобных эпізодаў ад аўтара, ад чытача, ад імя героя развівае ўяўленне вучняў, для школьнікаў гэты занятак цікавы ў тым выпадку, калі герой блізкі ім. Творчы пераказ не толькі развівае чытацкія якасці вучня, але і ўзбагачае мову, садзейнічае спасціжэнню сэнсу літаратурнага твора. І выразнае чытанне, і пераказ патрабуюць ад вучня актыўнага перажывання.


ІІ. 3. Інсцэніроўка, састаўленне кінасцэнарыя, вуснае слоўнае маляванне

У методыцы літаратуры ёсць прыёмы, якія прымушаюць школьнікаў у некаторай ступені пераствараць тэкст. Гэта інсцэніроўка, састаўленне кінасцэнарыя, вуснае слоўнае маляванне.

Інсцэніроўка эпізодаў твора або твора – цяжкі, але практыкуемы ў школе від работы на ўроках літаратуры. Падача матэрыялу пры інсцэніроўцы часта пераходзіць у дыялог, а гэта задача для вучняў нялёгкая. Па-першае, інсцэніроўка пабуджае вучняў да творчай падачы літаратурных вобразаў, і, як і ўсе прыёмы актывізацыі чытацкага ўспрыняцця , абуджае ўяўленне і суперажыванне. Па-другое, інсцэніраванне дазваляе ўзмацніць дынамізм канфліктаў твора, больш яскрава акрэсліць сюжэтныя лініі для вучняў. Па-трэцяе, інсцэніроўка прыцягне ўвагу да тэксту твора. Умова поспеху інсцэніроўкі – неабходнасць падрыхтоўкі вучняў, магчымасць ужывання ў ролі.

Састаўленне кінасцэнарыеў паглыбляе ў вывучэнне літаратурных з’яў. Пры стварэнні кінасцэнарыя дзеці не толькі вучацца разумець мову кіно, а і глыбей і ўважлівей углядаюцца ў літаратурны тэкст. Для таго, каб напісаць кінасцэнарый неабходна не проста прачытаць твор, а перажыць яго, па-сапраўднаму ўбачыць яго героеў. Безумоўна, школьныя сцэнарыі не прэтэндуюць на прафесіяналізм, але школьнікі з ахвотаю ўключаюцца ў гульню, захапляюцца ёю, а гэта ўжо творчасць. Сутыкаючыся з ператварэннем тэксту ў кінасцэнарый, вучні пачынаюць разумець, што кожны від мастацтва непаўторны і незаменны. Стварэнне кінасцэнарыя выпрацоўвае навыкі ўдумлівага чытання, ажыўляе вобразнае бачанне і дапамагае заўважыць дэталь у святле цэлага.

Вуснае слоўнае маляванне ўваходзіць састаўной часткай у аналіз тэксту, з’яўляецца сродкам развіцця ўяўлення, назіральнасці, узбагачае слоўнікавы запас вучняў. Вуснае слоўнае маляванне выяўляе эмацынальны настрой чытача, садзейнічае разуменню аўтарскага погляду, развівае мову вучня. Выкарыстанне гэтага прыёму патрабуе асаблівай увагі педагога. Пры вусным маляванні ёсць небяспека простага пераказу зместу.

Слоўнае маляванне прадугледжвае, што чытач, абапіраючыся на вобразы пісьменніка, дэталізуе сваё бачанне ў карціне, якую створыць. Прапаноўваючы дзецям вусна стварыць ілюстрацыю, настаўнік не павінен ставіць іх у пазіцыю спаборніцтва з мастаком слова, аўтарам.

Слоўнае маляванне на аснове тэксту павінна ўлічваць натуральную для вучня паслядоўнасць успрыняцця іншага віду мастацтва – жывапісу, на мову якога праецыруюцца слоўныя вобразы. Таму спачатку неабходна рабіць слоўныя ілюстрацыі да эпізодоў, апісанных аўтарам так, каб яны далі нейкую “апору” для малявання вучню. Пасля можна паспрабаваць развіваць творчае ўяўленне, даручаючы дзецям намаляваць слоўны партрэт героя, не дадзены ў тэксце. І, нарэшце, самае цяжкае заданне – маляванне пейзажу. Гэты від дзейнасці, як ніякі іншы, развівае творчыя здольнасці вучняў, іх фантазію, уяўленне. Супастаўленне літаратурнага тэксту з іншымі відамі мастацтва дапамагае выяўленню чытацкага ўспрыняцця, садзейнічае фарміраванню асабістага яркага прадстаўлення, развівае імкненне да самарэалізацыі

ІІ.4. Сачыненні на літаратурную тэму

У працэсе фарміравання камунікатыўнай культуры вучняў, развіцця іх творчых здольнасцей вялікае значэнне надаецца напісанню сачыненняў на літаратурную тэму. Авалоданне гэтым відам работы — складаная задача. Справа ў тым, што пры напісанні сачыненняў на літаратурную тэму “прадметам разважання становяцца думкі пісьменніка, увасобленыя ў мастацкіх вобразах, у кампазіцыі, у самой мове твора. Вучню нялёгка падняцца над разважаннямі пісьменніка, абстрагавацца, выказаць свой пункт гледжання на падзеі і герояў. Па гэтай прычыне часам сачыненне замяняецца пераказам” [ 5. С.311 ].

Навучанне сачыненню прадугледжвае такі парадак работы, пры якім забяспечваецца паступовы пераход ад лёгкага да цяжкага, разнастайнасць

заняткаў, пры гэтым уся работа па мове мае на мэце прывіць вучням гэта найскладанейшае ўменне.

Працэс напісання сачыненняў складаецца з трох этапаў:

работа навучальнага характару (падрыхтоўчы этап);

напісанне вучнямі сачынення;

аналіз работ вучняў.

На першым этапе вучні пад кіраўніцтвам настаўніка аналізуюць тэму (тэмы), выяўляюць кола пытанняў, раскрыцця якіх патрабуе тэма, знаёмяцца з рознымі відамі сачыненняў, вучацца складаць планы і адбіраць матэрыял для сваёй творчай работы.

На гэтым этапе работы высвятляецца значэнне эпіграфа да сачынення. Эпіграф не з'яўляецца абавязковым алементам сачынення. Неабходна дапамагчы вучням усвядоміць простую ісціну: удалы эпіграф узбагачае сачыненне, няўдалы – псуе яго.

Сістэма работы па навучанню налісанню сачыненняў-разважанняў на літаратурныя тэмы дастаткова падрабязна апісана ў шматлікіх дапаможніках для настаўнікаў.

ІІ.5. Эсэ, рэцэнзія

Эсэ – невялікі тэкст, які выражае індывідуальны пункт погляду аўтара. Спачатку неабходна прадумаць структуру і змест, тэму, вызначыцца са стылістыкай. Эсэ можа ўключаць у сябе прыклады з жыцця.

“Па жанрава-стылістычнай форме эсэ падзяляюцца: эсэ-нататка (блізкая да газетнага жанру), эсэ-мастацкая замалёўка, лірычная мініяцюра, эскіз з натуры, эсэ-партрэт, эсэ-біяграфія або аўтабіяграфія, эсэ-ўспамін, эсэ-дзённікавы запіс, эсэ-водгук (выказвае меркаванне, роздум, але не прэтэндуе на разгорнутую і аргументаваную ацэнку), эсэ-аповесць, эсэ-раман (азнаямленне ў агульных рысах з эстэтычным напрамкам у сучаснай літаратуры) і інш“[1. С.25].

Асноўныя патрабаванні да эсэ: канкрэтная тэма, навукова-канкрэтная аснова, падкрэсленая суб’ектыўнасць выказвання,арыентацыя на жывую гутарковую мову, права на дадумванне, фантазію, вымысел, свабодная кампазіцыя, камунікатыўнасць, адрасаванасць іншаму чытачу, праблемнасць, арыентацыя на мэту.

Рэцэнзія - усебаковы аналіз, аб’ектыўная ацэнка мастацкага, навуковага і іншага твора, спектакля, кінафільма. Прыкладная структура рэцэнзіі: аўтар, загаловак, тэма, яе значнасць, асноўныя вобразы, значэнне твора, крытычныя заўвагі: чым захапляе твор, што з’яўляецца спрэчным.

“Віды рэцэнзій: рэцэнзія на твор, рэцэнзія на зборнік (агульнае і адрознае), рэцэнзіі з дамінуючым накірункам, рэцэнзія на сачыненне, рэцэнзія на вусны адказ, рэцэнзія на навуковы артыкул, рэцэнзія на прагледжаны спектакль (тэлеспектакль, тэлефільм) і інш.”[8.С.24 ].

ІІ.6. Водгук як маўленчы жанр

Самастойныя разважаннi вучняў праяўляюцца пры напiсаннi водгуку на кiнакарцiну, кнiгу, драматычную пастаноўку i iнш..

Водгук - маўленчы твор, заснаваны на выяўленні эмацыйна-ацэначных адносін да прачытанага, убачанага, пачутага. “Водгук як жанр патрабуе ад аўтара дэманстрацыі ведаў па тэорыі вершаскладання, спецыфіцы літаратурнага працэсу, ведання спецыфікі кіно, тэатра, умення сцісла, дакладна інтэрпрэтаваць змест, тэму, ідэю, выяўляць уласнае стаўленне, разважанні [ 9. С. 38 ]. Мэты напісання водгукаў: падзяліцца ўражаннямі, зацікавіць, пераканаць, даць ацэнку. Дзейнасць па напісанні водгукаў патрабуе творчасці, выяўляе чытацкі вопыт вучня, дэманструе агульны ўзровень духоўнай і маўленчай культуры школьніка, ступень яго далучанасці да мастацтва. Схема працы над водгукам: азнаямленне  назіранне асэнсаванне  аналіз (сінтэз)  разважанне  абгрунтаванне (доказ)  тэзіс.

Патрабаванні да зместавага напаўнення водгукаў: выяўленне асноўнай тэматыкі і праблематыкі, бачанне аўтарскай пазіцыі, вызначэнне ролі сюжэта, кампазіцыі, разуменне ролі мастацкіх вобразаў, бачанне ролі выяўленчых сродкаў, абгрунтаванне асабістых ацэнак, моўнае і кампазіцыйнае афармленне, наяўнасць творчага характару, пісьменнасць. Для выпрацоўкi ўмення пiсаць водгук на прачытаную кнiгу бяруцца невялiкiя па аб’еме, але займальныя па зместу i нескладаныя па сюжэту творы (звычайна з тых, якiя прапануюцца для пазакласнага чытання). Напiсаныя водгукi абмяркоўваюцца, указваюцца iх недахопы, адзначаецца станоўчае.

У водгуку вельмі важны ацэначны кампанент, які ўтрымлівае тры аспекты: лагічны, эстэтычны і этычны. Сфармуляваная вучнем ацэнка – сведчанне таго, што ён адэкватна ўспрыняў і асэнсаваў твор, кінафільм, тэатралізаваную пастаноўку. Ацэнка павінна быць матываванай. Неабходна выхоўваць у вучняў культуру падачы матэрыялу, мастацкі густ, пашану да слова.


ІІІ. Развіццё літаратурна-творчых здольнасцей вучняў сродкамі пазакласнай работы па прадмеце

Сярод уражанняў, што застаюцца ў вучняў на ўсё жыццё, часта важнае месца належыць успамінам пра пазакласныя мерапрыемствы па мове і літаратуры. Менавіта яны, у адрозненне ад урока, тояць вялікія магчымасці ўздзеяння на розум і пачуцці дзяцей, на развіццё іх літаратурна-творчых здольнасцей. Літаратурныя вечарыны, работа літаратурных клубаў, вусныя часопісы, удзел у школьных спектаклях, канферэнцыіі – гэта невычэрпная крыніца для развіцця асобы.

ІІІ.1. Літаратурныя вечарыны

Літаратурныя вечарыны – форма пазакласнай працы, якая тоіць вялікія магчымасці ўздзеяння на розум і пачуцці школьнікаў, развівае літаратурна-творчыя здольнасці. “Многія настаўнікі з адказнасцю і шчырай зацікаўленасцю ставяцца да арганізацыі і правядзеня літаратурных вечарын, дбаюць не проста аб тым, каб уключыць у іх прагараму як мага больш разнастайнага інфармацыйнага матэрыялу, а каб з дапамогай мастацкага слова дзейсна ўплываць на светапогляд, думкі, пачуцці, памкненні вучняў, фарміраванне іх нацыянальнай самасвядомасці і эстэтычнага густу [ 12. С.5 ].

Літаратурная вечарына павінна стаць для вучняў сапраўдным святам сустрэчы з цудоўным. Гэтага вымагае сама спецыфіка літаратуры як прадмета эстэтычнага. Сіла мастацкага слова на літаратурнай вечарыне ўзмацняецца магчымасцю шырокага выкарыстання сродкаў эстэтычнага ўздзеяння: інсцэніравання, музычнага суправаджэння, дэкарацый, светлавых эфектаў, уключэння кінакадраў, слайдаў, паказ прэзентацый, відэаролікаў.

Поспех вечарыны залежыць ў многім ад выбару тэмы, таму выбар і абмеркаванне яе разам з вучнямі – істотна важны момант падрыхтоўкі вечарыны. Паводле тэматыкі і мэтавай устаноўкі можна вылучыць літаратурныя вечарыны, змест якіх звязаны з мэтай больш грунтоўнага засваеня пэўнай літаратурнай тэмы, твора, жанра, творчасці таго ці іншага пісьменіка, са святкаваннем літаратурных дат, абмеркаваннем ці аглядам навінак і вечарыны, якія не звязаны з засваеннем курса літаратуры, але ўключаюць літаратурны матэрыял. На іх можа адбыцца “абмеркаване надзённых маральна-этычных праблем, гаворка пра духоўны свет сучасніка, пра пераемнасць пакаленяў, пачуццё нацыянальнай годнасці, пра славутых беларускіх асветнікаў, вучоных, артыстаў і інш.. Тэма літаратурнай вечарыны абмяркоўваецца на пасяджэнні літаратурнага клуба, гуртка, запрашаюцца ўсе зацікаўленыя [ 8. С. 25].

У працэсе абмеркавання тэмы звычайна акрэсліваецца творчы актыў, гэта тыя вучні, якіх асабліва цікавіць тэма і ўдзел якіх у падрыхтоўцы і правядзенні вечарыны будзе найбольш плённым. З меркавання
еще рефераты
Еще работы по разное